Самы папулярны выдавец мабільных гульняў закрывае офіс у Мінску. Раней ён абяцаў не пакідаць ПВТ

Кампанія «Кажыгульні» — беларуская юрыдычная асоба папулярнага паблішара SayGames — ліквідуецца. Пра гэта паведамляецца на kartoteka.by, піша dev.by.

28.08.2024 / 10:59

Афіцыйна ліквідацыя кампаніі пачалася 19 чэрвеня. Рашэнне было прынята ўласнікам. Пры гэтым кампанію яшчэ не выдалілі са спісу рэзідэнтаў на сайце ПВТ.

SayGames з'яўляецца адным з самых паспяховых праектаў з беларускімі каранямі па стварэнні мабільных гульняў. 

Кампанія была заснавана ў 2017 годзе. Сузаснавальнік і гендырэктар — Ягор Вайханскі. 

На гэты момант у партфоліа паблішара 100+ запушчаных праектаў і больш за 4 мільярды загрузак па ўсім свеце.

SayGames — самы папулярны выдавец мабільных гульняў з беларускімі каранямі. Гульні SayGames перыядычна станавіліся хітамі, а кампанія аказвалася ў сусветным топ-10.

Nashaniva.com