Макрон прапаноўваў Дураву перанесці штаб-кватэру Telegram у Парыж, а спецслужбы Францыі ламалі айфон заснавальніка месенджара

У 2018 годзе прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прапаноўваў Паўлу Дураву перанесці штаб-кватэру Telegram у Парыж, піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы. Дураў адказаў адмовай.

28.08.2024 / 09:51

Дураў і Макрон сустракаліся за абедам, падчас якога прэзідэнт Францыі абмяркоўваў пытанне надання бізнэсмену французскага грамадзянства, піша «Медуза» са спасылкаю на WSJ.

За год да гэтай сустрэчы з Макронам французскія спецслужбы правялі сумесную аперацыю са спецслужбамі ААЭ, у рамках якой быў узламаны айфон Дурава.

Па словах крыніц, падставай для аперацыі пад назвай «Пурпурная музыка» стала занепакоенасць французскіх спецслужбаў тым, што Ісламская дзяржава выкарыстоўвае месенджар для вярбоўкі баевікоў і планавання нападаў.

Па словах крыніцы, блізкай да Дурава, Telegram на працягу многіх гадоў ігнараваў позвы і судовыя пастановы праваахоўных органаў, якія прыходзілі на пошту, і патрабавалі ўзаемадзеяння з уладамі ў галіне спынення распаўсюджвання незаконнага кантэнту на платформе.

Як адзначае WSJ, няма ніякіх указанняў на тое, што сустрэча з Макронам або ўзлом тэлефона Дурава адыгралі ролю ў ягоным затрыманні, аднак гэтыя дэталі «праліваюць святло» на яго адносіны з Францыяй і ААЭ.

Пазней Дураў атрымаў грамадзянства гэтых краін. 

Паўла Дурава затрымалі ў аэрапорце Парыжа ўвечары 24 жніўня. Пракуратура Парыжа 26 жніўня апублікавала прэс-рэліз, з якога вынікала, што Дураў затрыманы ў рамках крымінальнага расследавання па 12 складах злачынства. Абвінавачанні тычыліся ў тым ліку адмовы прадставіць інфармацыю па запытах упаўнаважаных органаў, а таксама саўдзел у распаўсюджванні парнаграфіі і наркотыкаў і хакерскіх праграм. Пры гэтым статус самога Дурава ў справе невядомы.

Nashaniva.com