Хлопчык у Ізраілі выпадкова разбіў старажытную амфару, якой сама меней 3500 гадоў
Хлопчык у ізраільскім музеі выпадкова разбіў адзін з экспанатаў выставы: старажытную амфару эпохі бронзавага веку, узрост якой складае сама меней 3500 гадоў. Па даных Музея Гехта ў Хайфе, вырабілі гліняны посуд не раней за 2200 і не пазней за 1500 гг. да н.э., што рабіла яго надзвычай рэдкім артэфактам, паколькі захавалася амфара цалкам, амаль у першапачатковым выглядзе.
28.08.2024 / 09:26
Выстаўлены экспанат быў проста на ўваходзе ў музей і не быў пакрыты ахоўным шклом. Як растлумачылі ў музеі, у дэманстрацыі археалагічных знаходак «без перашкод» там бачаць «асаблівае зачараванне», піша Бі-бі-сі.
У выніку амфару выпадкова разбіў пяцігадовы наведнік. Цяпер яе рэстаўрацыяй давядзецца заняцца экспертам.
Кіраўніцтва музея падкрэслівае, што разбітая амфара — няшчасны выпадак. Хлопчык ні ў чым не вінаваты, і яму нічога не пагражае.
«Бывае, экспанаты пашкоджваюць наўмысна, і да такіх выпадкаў ставяцца вельмі строга, у тым ліку з прыцягненнем паліцыі», — сказала Бі-бі-сі прадстаўніца музея.
«Аднак у дадзеным выпадку справа ішла інакш. Збан быў выпадкова пашкоджаны маленькім дзіцем, якое наведвала музей, і рэакцыя будзе адпаведнай», — дадала яна.
Усе сям'ю дзіцяці запрасілі прыйсці на выставу яшчэ раз, ужо ў складзе арганізаванай экскурсіі.
Пры гэтым кіраўніцтва запэўніла Бі-бі-сі, што, нягледзячы на прыкры інцыдэнт, практыка «па магчымасці выстаўляць экспанаты без бар'ераў і шкляных сцен» будзе працягнута.
Музей Гехта размешчаны на тэрыторыі Універсітэта Хайфы; у ім выстаўлены археалагічныя знаходкі і творы мастацтва.