Сырскі: Расія перакінула на курскі кірунак 30 тысяч вайскоўцаў з Украіны
Узброеныя сілы Украіны кантралююць 1294 квадратныя кіламетры ў Курскай вобласці, узяўшы пад кантроль 100 населеных пунктаў рэгіёну, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі, піша РБК-Украіна.
27.08.2024 / 15:18
Па словах галоўнакамандуючага, украінскія вайскоўцы працягваюць прасоўвацца наперад. На сённяшні дзень падчас аперацый у Курскай вобласці яны, сцвярджае Сырскі, узялі ў палон 594 расейскіх вайскоўцаў.
Паводле яго слоў, Узброеныя сілы Украіны кантралююць 1294 квадратныя кіламетры ў Курскай вобласці, узяўшы пад кантроль 100 населеных пунктаў рэгіёну.
«Курская аперацыя адцягнула значную колькасць вайскоўцаў [РФ]. На цяперашні момант мы можам канстатаваць, што каля 30 тысяч вайскоўцаў ужо перакінута на Курскі кірунак, і гэтая лічба расце», — заявіў галоўнакамандуючы УСУ.
Сырскі прызнаў, што адной з задач правядзення наступальнай аперацыі на курскім напрамку было адцягненне значных сіл Расіі з іншых напрамкаў, перш за ўсё з пакроўскага і курахаўскага.
«Вядома, вораг гэта разумее, таму ён працягвае канцэнтраваць асноўныя намаганні на пакроўскім кірунку, дзе сканцэнтраваныя яго найбольш баяздольныя часткі», — адзначыў галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны.