Гамяльчанін працаваў таксістам без пасведчання кіроўцы. Аказалася, ён ніколі яго не атрымліваў

Яго двойчы судзілі, але ён усё роўна працягваў таксаваць.

27.08.2024 / 13:51

Ілюстрацыйны здымак

Жыхар Гомеля працаваў таксістам, не маючы пасведчання кіроўцы. Прычым, як аказалася, ён ніколі не вучыўся ў аўташколе і ніколі не здаваў іспыт там.

Гамяльчанін некаторы час працаваў у Расіі, дзе і купіў вадзіцельскае пасведчанне. Да таго часу яго ўжо двойчы судзілі за п'яную язду без пасведчання, піша «Белка».

У Расіі праблем з падробленым пасведчаннем у мужчыны не ўзнікала. Ён вырашыў, што і ў Беларусі ўсё будзе добра. Гамяльчук стаў таксаваць, пакуль у канцы ліпеня яго не спынілі супрацоўнікі ДПС.

Праверыўшы кіроўцу па базе, інспектар звярнуў увагу, што з яго да гэтага часу не знятыя накладзеныя судом абмежаванні. Машыну адправілі на штрафстаянку.

А ўжо калі гамяльчанін прыехаў за сваім аўто, інспектар вырашыў больш прадметна паразмаўляць аб паходжанні пасведчання.

«Мужчына прызнаўся, што паведчанне купіў у Маскве, а ў аўташколе ніколі не вучыўся. У суд перададзена крымінальная справа, узбуджаная па факце выкарыстання падробленага дакумента», — распавяла старэйшы памочнік пракурора горада Гомеля Марыя Пушкар.

Nashaniva.com