Стала вядома, колькі будуць каштаваць школьныя абеды ў новым навучальным годзе

Грашовыя нормы па харчаванні ў школах у новым навучальным годзе не зменяцца, паведаміла начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Акадэміі адукацыі Люцыя Міхальчук.

27.08.2024 / 12:40

Для школьнікаў 6-10 гадоў (1-4 класы), якія сілкуюцца адзін раз у дзень падчас вучобы, абед будзе каштаваць 2 рублі 29 капеек — 2 рублі 98 капеек. Кошт залежыць ад таго, кім прыгатаваныя стравы — школьнымі кухарамі або іншымі арганізацыямі: у другім выпадку будзе даражэй.

Для школьнікаў 11-18 гадоў (5-11 класы) адзін раз перакусіць у сталовай абыдзецца ад 2,70 рублёў да 3,51 рублёў.

Міхальчук адзначыла, што ў новым навучальным годзе харчаваннем будуць ахоплены ўсе 1 млн 70 тыс. школьнікаў. Большая частка з іх — каля 70% — змогуць харчавацца бясплатна, сцвярджае чыноўніца. Гэта навучэнцы сельскіх школ, з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў, інваліды, «сопаўцы», «чарнобыльцы» і гэтак далей.

Адмовіцца ад гарачага харчавання ў школах можна, для гэтага пісаць заявы бацькам не трэба.

Nashaniva.com