У Расіі здымаюць камедыю пра Джо Байдэна. Яго сыграе Космас з «Брыгады»

Расійскі тэлеканал вырашыў пагуляць у палітычную сатыру, праўда, аб'ект для яе абраў не ўнутры краіны.

27.08.2024 / 13:31

Дзмітрый Дзюжаў у ролі Джо Байдэна. Фота: ТНТ

Серыял пад назвай «Гудбай» здымае тэлеканал ТНТ, які ўваходзіць у структуру «Газпром-Медыя».

Галоўную ролю сыграе вядомы сваёй лютай падтрымкай Уладзіміра Пуціна акцёр Дзмітрый Дзюжаў, паведамляе «Газета.ру».

Па сюжэце, Джо Байдэн інкогніта едзе ў Расію, каб разабрацца, чаму санкцыі не працуюць. У першы ж дзень ён страчвае дакументы. Яму даводзіцца жыць у хрушчоўцы з новым сябрам — «сапраўдным рускім патрыётам» – і працаваць у школе настаўнікам англійскай мовы, каб назапасіць грошы на новыя дакументы і білет дадому.

«А тым часам агенты ЦРУ вязуць у ЗША вельмі падобнага на Байдэна расійскага пенсіянера Іванавіча», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Выканаўчы прадзюсер Аляксандр Балдзін называе серыял палітычнай сатырай і лічыць, што яго твор «дазволіць задумацца аб адносінах паміж Расіяй і ЗША». Дзюжаў жа лічыць серыял пра Байдэна «смелым эксперыментам».

Nashaniva.com