Франак Вячорка аддае свой гадзіннік на дабрачынны аўкцыён

Франак Вячорка распавёў на «Еўрарадыё», што ахвяраваў свой дарагі гадзіннік на дабрачынны аўкцыён, грошы з якога пойдуць на падтрымку палітвязняў. Чакаецца, што аўкцыён пройдзе праз пару месяцаў. 

27.08.2024 / 11:57

 У красавіку на «Белсаце» Вячорка расказаў пра свой гадзіннік Omega Seamaster Planet Ocean коштам 5-9 тысяч даляраў:

«Мне яго падараваў чалавек, які вельмі шмат спрычыніўся да беларускай справы. Займаўся і да 2020 года, і пасля 2020-га адраджэннем беларускіх мясцінаў. Многія яго ведаюць таксама. Ну ён, напэўна, пабачыўшы, што ў мяне няма гадзінніка, проста зняў свой з рукі і сказаў: вось табе, каб хутчэй вярнуцца ў Беларусь».

Гісторыя нарабіла шмат шуму. Гадзіннік Вячоркі зачапіў нават Лукашэнку. 

Дарадца Святланы Ціханоўскай адрэагаваў на скандал у сацсетках.

Франак Вячорка запэўніў, што ў тым факце, што невядомы бізнэсмен падарыў яму дарагі гадзіннік, няма карупцыйнага складніку. «Гэта было яшчэ да таго, як з’явіліся ўсе офісы і кабінеты. Чалавек [, які дарыў,] не жыве ў Беларусі, не вядзе там бізнэсу, і ніяк гэта не звязана з лабіраваннем інтарэсаў», — напісаў ён у каментарах у фэйсбуку.

Пасля розгаласу ён вырашыў прадаць гадзіннік праз аўкцыён. 

Аўкцыён адбудзецца ці падчас другога марафона салідарнасці з палітвязнямі, ці падчас эстафеты салідарнасці, якую ладзяць Народныя амбасады Беларусі і Кааліцыя хуткай гуманітарнай дапамогі. Плануецца, што гэта адбудзецца праз пару месяцаў. 

Nashaniva.com