Беларус вяртаўся дадому пасля вахты ў Расіі і ледзь не трапіў у працоўнае рабства

Аляксандр не атрымаў поўны разлік і быў змушаны правесці некалькі дзён на вакзале. А потым яго выратаваў цуд.

27.08.2024 / 11:24

Фота: «Альтэрнатыва»

Беларус Аляксандр працаваў у Якуцку. Ягоная вахта скончылася ў жніўні, мужчына павінен быў вярнуцца ў Беларусь, але знік. Сваякі забілі трывогу.

25 жніўня Аляксандр знайшоўся — у аддзяленні паліцыі ў Мцэнску Арлоўскай вобласці. Як аказалася, ён ледзь не трапіў у працоўнае рабства, піша «Альтэрнатыва».

Пасля заканчэння вахты беларуса на расійскай фірме адразу не разлічылі. Ён здолеў дабрацца да Масквы, дзе некалькі дзён правёў на вакзале. Там да яго падышоў незнаёмы мужчына, які назваўся Артурам. Ён прапанаваў Аляксандру працу.

Беларус, у якога не было грошай, пагадзіўся папрацаваць — за збор бульбы абяцалі 3500 расійскіх рублёў (прыкладна 125 беларускіх) у дзень. Аляксандра ў выніку прывезлі ў дом да цыганскай сям'і ў пасёлку Вярхоўе Арлоўскай вобласці.

Беларуса выратаваў збег абставінаў. Артур набраў працоўную сілу, але чамусьці працоўны працэс арганізаваць не змог. Аляксандр да працы так і не прыступіў, але яго паспелі збіць. Праз некалькі дзён беларуса адвезлі ў Мцэнск і пакінулі на прыпынку.

Мясцовыя жыхары, даведаўшыся пра сітуацыю Аляксандра, выклікалі паліцыянтаў, тыя пасадзілі беларуса на цягнік у Маскву. На месцы мужчыну сустрэлі і дапамаглі яму з пакупкай білетаў у Беларусь.

Nashaniva.com