«Начальнікі бегалі па ўсёй зоне як апараныя». Палітвязень, які выйшаў па памілаванні, расказаў, як гэта было

У ліпені і жніўні некалькі дзясяткаў палітвязняў выйшлі на волю па памілаванні і амністыі. На гэты момант праваабаронцам вядома пра 39 вызваленых. «Люстэрка» пагаварыла з адным з тых, хто прайшоў гэты шлях. Суразмоўца расказаў, як быў арганізаваны працэс, што трэба было напісаць у прашэнні і як рэагавалі на памілаванне іншыя зняволеныя. Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі. Таксама з гэтай прычыны не падаюцца нумар калоніі, у якой ён знаходзіўся, і дата яго вызвалення.

26.08.2024 / 20:04

«Ты напішы, але яно будзе ляжаць у мяне ў сейфе»

Максім расказвае, што прашэнні пра памілаванне ў калоніі — частая рэч. Такія паперы пішуць многія, у тым ліку палітвязні.

«Пішуць хлопцы, збіраюць усе дакументы, ідуць з імі да начальніка атрада, як гэта мусіць адбывацца згодна з правіламі. І вось на гэтым этапе, уласна, увесь лёс памілавання заканчваецца, — кажа ён і дадае, што такія прашэнні рэдка выходзяць «за межы плота». — Там ужо на што хапае фантазіі начальніка атрада, пачынаюць прыдумляць розныя прычыны: няправільна запоўнены дакумент, перапішы, не так пададзеная форма. Афармленне зацягваецца да паўгода. Часам кажуць: «Проста пакуль гэта не працуе. Ты напішы, але яно будзе ляжаць у мяне ў сейфе». Вось і ўсё».

Паводле слоў Максіма, некаторыя зняволеныя пішуць прашэнне з адвакатам. Атрымліваецца дакумент, «вывераны па ўсіх законах, па ўсіх правілах». Але ён звычайна таксама не спрацоўвае. Мужчына кажа, што на такія запыты некаторым прыходзілі адмовы. Але самыя частыя гісторыі — «не выпусціў атраднік», «нехта не падпісаў».

Улетку 2024-га сітуацыя змянілася. Максім сцвярджае, што ў нейкі момант яго з атрада выклікалі ў штаб. Там сядзеў супрацоўнік Генпракуратуры.

— Дадому хочаш? — спытаў сілавік.

— Ну, безумоўна. Што за пытанне? — адказаў палітвязень.

Далей прадстаўнік пракуратуры падаў паперу, у якой прапанаваў распісацца Максіму. У дакуменце было напісана, што гаворка пра памілаванне. Што даслоўна там было напісана, суразмоўца ўжо не памятае. Пры гэтым мужчына кажа, што на яго не ціснулі:

«Гэта не было сфармулявана як загад. Наадварот, сказалі: «Не хочаш — не трэба, ідзі гуляй далей, даседжвай тэрмін».

Яшчэ праз тыдзень Максіма «тузануў» начальнік атрада. Ён даў мужчыну раздрукаваны дакумент, які той перапісаў ад рукі. Гэта быў зварот да Аляксандра Лукашэнкі. У дакуменце былі звесткі самога асуджанага — імя, артыкул і словы «прашу памілавання».

«Па-мойму, там не было прызнання віны, — успамінае мужчына. — Было проста «сваю віну ўсвядоміў», нешта такое. І «ў далейшым абавязуюся весці законапаслухмяны лад жыцця», не парушаць законы».

Унізе было месца — можна было нешта дадаць ад сябе. Максім не стаў нічога пісаць.

«У мяне склалася меркаванне, што гэта ўжо такая фармальнасць, — разважае былы палітвязень. — То-бок проста трэба, каб чалавек паставіў подпіс, і ўсё. А там ужо распыляцца… Яно не ўплывала: наколькі вялікае ты напішаш «палатно» з пакаяннямі. Там проста трэба было зафіксаваць факт, што чалавек звяртаецца».

Паводле слоў мужчыны, ужо потым ён даведаўся, што запыт на дакументы памілаваных (прашэнне, а таксама іншыя паперы) быў з Мінска. Таму ўсё афармлялі тэрмінова.

«Начальнікі атрадаў бегалі па ўсёй зоне як апараныя. Яны не ведалі, што рабіць, бо — як яны сказалі — упершыню такое», — кажа Максім.

«Ніхто да канца не верыў, што я рэальна пайду дадому»

Палітвязень кажа, што спачатку ў яго былі сумневы, пісаць прашэнне ці не. Ён даволі хутка зразумеў: гэта прапанова, ад якой нельга адмовіцца, і другога такога шанцу можа не быць.

«Гэта тое месца, у якім лепш не затрымлівацца нават лішні дзень, — тлумачыць суразмоўца. — Асноўная думка была: адсюль трэба выбірацца. Тым больш пакуль ты яшчэ неяк застаешся чалавекам, пакуль цябе яшчэ не зламалі, не перамалолі».

Максім кажа, што ў момант пытання, ці хоча ён дадому, «як п’яны стаяў», здавалася, што гэта адбываецца не з ім. Пасля падпісання першага дакумента палітвязень не спаў дзве ночы. Ён баяўся: раптам гэта нечы злосны жарт?

«Я да апошняга дня сумняваўся: можа, гэта нейкі прыкол ці нейкія гульні? Ніхто да канца не верыў, што я рэальна пайду дадому», — успамінае мужчына.

Навіна, што Максім хутка вызваліцца па памілаванні, распаўсюдзілася сярод іншых зняволеных. Рэакцыі былі розныя.

«Віншавалі, вядома. Усе спадзяваліся, што калі-небудзь гэта адбудзецца і з імі», — успамінае суразмоўца.

Паводле слоў Максіма, шмат радасці было ў «гангстараў» — так у калоніі называлі тых, хто сядзіць за забойствы, наркотыкі і па іншых «непалітычных» артыкулах. У нейкі момант у мужчыны адбыўся такі дыялог з кіраўніком іншага атрада.

— Праўда, што ты выходзіш? — удакладніў ён у Максіма.

— Здаецца, так.

— Правільна, няма чаго тут рабіць.

І далей яго пачаў віншаваць увесь атрад — некалькі дзясяткаў чалавек. Кожны падыходзіў, ціснуў руку ці абдымаў: «Дай Бог!», «Дзякуй Богу!». Максім тады звярнуў увагу, што ва ўсіх у гэтым атрадзе былі белыя біркі (гэта нейтральны колер, такія носяць звычайныя зняволеныя, у адрозненне ад жоўтых у «схільных да экстрэмізму» палітычных). Іншыя зняволеныя актыўна цікавіліся, падыходзілі, задавалі пытанні: чаму выбралі менавіта яго? Мужчына і сам не ведае адказу і параўнаў тое, што адбылося, з латарэяй.

Хто і як абраў Максіма для памілавання — невядома. Суразмоўца чуў пра «спісы з Мінска». Была і іншая інфармацыя: са сталіцы перадалі колькасць людзей для вызвалення, а канкрэтныя кандыдатуры выбрала ўжо адміністрацыя ўстановы.

«У шоку былі ўсе — гэта дакладна, — кажа суразмоўца. — Наогул лічылася, што памілаванне — гэта нейкая казка. У зонах, у СІЗА настойліва ходзіць адна чутка: што дзесьці вось-вось будзе пералічвацца дзень у СІЗА за два дні тэрміну ў калоніі. Гэтая казка там ходзіць з вуснаў у вусны. І ўсе чакалі: вось-вось дзень за два палічыцца, і нам скароцяць тэрміны. Але каб пачало працаваць памілаванне — усе думалі, што гэта нейкі цуд. Калі гэта здарылася, усе так глядзелі са здзіўленнем: «Ды ладна, ды не можа быць».

«Было максімальна мітусліва»

За дзень да планаванага выхаду Максіма выклікалі ў штаб. Там у мужчыны пацікавіліся, куды ён паедзе ў выпадку вызвалення. Ён назваў адрас. А ўжо на наступны дзень яго адпусцілі.

«Гэта было максімальна мітусліва, без нейкіх папярэджанняў, — успамінае суразмоўца. — Да мяне падышоў аператыўнік са словамі: «А ну, пойдзем са мной». Мне падалося, што могуць адправіць у ШІЗА. Але прывялі ў памяшканне, дзе праходзілі тэлефонныя перамовы. «Ведаеш, чаго сюды прыйшлі?» — спытаўся аператыўнік. «Ну, здагадваюся», — сказаў я. «Сёння а 12-й ты выходзіш», — паведаміў ён.

Пасля гэтага Максіму трэба было звязацца са сваякамі і папрасіць, каб яго забралі. Дабрацца дадому самому было нельга: вызваленага былі гатовыя альбо перадаць родным, альбо адвезці з канвоем.

«Ва ўсіх была першая думка: дык, можа, усіх выпускаюць? Пачалі шукаць у інтэрнэце — у інтэрнэце нічога няма», — тлумачыць суразмоўца.

Нейкіх умоваў перад выхадам яму не ставілі.

«Проста сказалі: «Ідзі з Богам», — і ўсё», — кажа ён.

У першую раніцу на волі Максім праспаў да 11-й раніцы, а не да пятай, як у калоніі. Жартуе, што адразу перайшоў да «мірнага жыцця».

«Я разумеў, што ўсё, гэтых гадоў не было. Проста дзесьці я выйшаў, вярнуўся, і я дома, зноў бачу бацькоў, усё працягваецца», — успамінае ён.

Першы час на волі Максіму не хацелася разбірацца, чаму памілавалі менавіта яго. Хаця многія сябры задавалі такое пытанне.

« Не ведаю і ведаць не хачу. Я дома, магу абняць жонку, маму. Я ўбачыў бацькоў, мне тэлефануюць сябры, я магу гаварыць больш за 10 належных хвілін, і ўсё», — расказвае суразмоўца.

Максім тлумачыць, што ў яго было два прынцыповыя моманты за час у калоніі: застацца сабой і нікога не здаць. Ён лічыць, што з задачай справіўся.

«Я з гэтымі пунктамі сеў, я пратрымаўся. Усё, гэта галоўнае. Нешта высвятляць — ды навошта гэта трэба? Для мяне гэты страшны сон скончыўся. Цяпер трэба жыць далей, вось і ўсё», — заключае суразмоўца.

Сталі вядомыя імёны яшчэ трох палітвязняў, якія выйшлі па памілаванні

Пазняк прапанаваў, як вызваліць палітвязняў

Васкрасенскі: Даю слова, былыя жонкі пыталіся, ці можна напісаць хадайніцтва, каб палітвязняў не выпускалі

Ці працягне Лукашэнка партыямі выпускаць палітвязняў? Разважае Карбалевіч

Былы вядучы «Зоны Х» палітвязень Дзмітрый Лукша выйшаў на свабоду па памілаванні

На волю па памілаванні выйшаў Павел Кучынскі — палітвязень з чацвёртай стадыяй анкалогіі

ЕС выступіў з заяваю наконт вызвалення некалькіх палітвязняў у Беларусі

Па памілаванні выйшаў адзін з найстарэйшых палітвязняў — 74-гадовы прафсаюзны лідар Васіль Бераснёў

Nashaniva.com