Аляксей Талай здымаецца ў расійскім фільме пра вайну

Паралімпійцу і праўладнаму актывісту Аляксею Талаю знайшлі ролю ў чарговым расійскім фільме пра Другую сусветную вайну. Ён выклаў фота са здымачнай пляцоўкі ў сацсеткі.

27.08.2024 / 08:00

Скрыншот сторыс у інстаграме Аляксея Талая

Гаворка ідзе пра фільм «У спісах не значыўся» па аднайменным рамане Барыса Васільева. Сярод стваральнікаў чарговай прапагандысцкай карціны — фанат вайны ва Украіне, расійскі акцёр Уладзімір Машкоў.

Пачыналі здымаць кіно ў Мінску ў Верхнім горадзе (тады мінчукі здзіўляліся расцяжцы «Працаваць трэба так, каб таварыш Сталін дзякуй сказаў»). А цяпер праца над стужкай працягнулася ў Брэсцкай крэпасці. Фота адтуль і апублікаваў Талай. Ён грае невялікую ролю параненага салдата.

У сваім тэлеграм-канале Талай удакладніў, што ягоны ўдзел у фільме — гэта «добрыя наступствы сустрэчы ў Крамлі з Уладзімірам Машковым. Чароўны чалавек, сябар і брат…».

Гэта не першы для Талая досвед здымак у кіно. Раней паведамлялася, што «Беларусьфільм» абяцае ў гонар свайго 100-годдзя паказаць шэраг дакументальных стужак. Сярод анансаваных фільмаў быў адзін, які прысвячаецца драматычнай біяграфіі Аляксея Талая. Нагадаем: ён страціў рукі і ногі ў 16 гадоў з-за выбуху снарада часоў Другой сусветнай. Стаў плыўцом-паралімпійцам, а пасля 2020 года выявіў сябе як пралукашэнкаўскі і прарасійскі актывіст.

Фонд Аляксея Талая між іншага займаецца вывазам дзяцей з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Праз гэта яго заснавальнік трапіў пад санкцыі Еўрапейскага саюза, ЗША і Канады.

На Нямізе вывешвалі расцяжку «…каб таварыш Сталін дзякуй сказаў». Што адбывалася?

Аляксей Талай прапанаваў даць Лукашэнку званне Героя Беларусі

Аляксей Талай — Пуціну: Мы — рускія, з намі Бог!

«Беларусьфільм» здымае кіно пра Аляксея Талая

Nashaniva.com