Былы баец ПВК «Вагнер» атрымаў 23 гады за забойства — і праз 8 дзён зноў пайшоў на вайну

Расійскія зняволеныя працягваюць пазбягаць пакаранняў за забойствы, а некаторыя зрабіць гэта могуць двойчы.

26.08.2024 / 15:37

Ілюстрацыйнае фота AP

Так 29-гадовы экс-баец ПВК «Вагнер» Іван Расамахін, які пасля вяртання з вайны здзейсніў новае злачынства, зноў пазбег пакарання. Па даных адвакацкага праекта «Траўмапункт», 11 жніўня ён прыбыў у калонію ВК-1, але праз 8 дзён быў вызвалены, піша Baza.

Першы тэрмін Іван Расамахін атрымаў у 2020 годзе. За забойства і рабаванне суд прысудзіў яго да 14 гадоў калоніі. У калоніі ён падпісаў кантракт з ПВК і ў сакавіку 2023 года вярнуўся на волю. Усяго праз некалькі тыдняў Расамахін зноў здзейсніў злачынства: забіў 85-гадовую жыхарку Вяцкіх Палян і наздзекаваўся з цела. 

Справа атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Мужчыну затрымалі, суд прысудзіў яго да 23 з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму. Цяпер мужчына зноў адправіўся на вайну. Аднак ён усё яшчэ павінен выплаціць сваякам загінулай 2 млн рублёў (25 тысяч даляраў) у якасці кампенсацыі.

Nashaniva.com