У Аўстраліі работнікам заканадаўча дазволілі не адказваць на паведамленні ад начальства ў непрацоўны час

Калі начальства будзе пагражаць санкцыямі, работнікі змогуць звяртацца ў спецыяльны суд па абарону.

26.08.2024 / 14:43

У Аўстраліі работнікам заканадаўча дазволілі не адказваць на званкі і паведамленні ад начальства пасля заканчэння працоўнага дня.

Новы закон дазваляе супрацоўнікам ігнараваць паведамленні ў непрацоўны час, калі яны таго пажадаюць, не баючыся пакарання з боку працадаўцы, піша Бі-бі-сі.

Правілы не забараняюць начальству пісаць або тэлефанаваць падначаленым у непрацоўны час, аднак цяпер работнікі атрымалі права ігнараваць такія паведамленні і званкі.

Калі працадаўца паспрабуе пакараць супрацоўніка за тое, што ён не адказаў у непрацоўны час, работнік зможа звярнуцца па абарону ў Аўстралійскую камісію па справядлівай працы (FWC). Камісія зможа запатрабаваць ад працадаўцы спыніць кантакты з падначаленым у непрацоўны час..

Закон не забараняе працадаўцам звязвацца з работнікамі ў непрацоўны час. Замест гэтага ён дае супрацоўнікам права не адказваць, калі толькі іх адмова не будзе палічана неабгрунтаваным.

Згодна з правіламі, працадаўцы і работнікі павінны паспрабаваць вырашыць спрэчкі паміж сабой. Калі гэта не дапаможа знайсці рашэнне, Аўстралійская камісія па справядлівай працы (FWC) можа ўмяшацца.

Затым FWC можа запатрабаваць ад працадаўцы спыніць кантакты з работнікам у непрацоўны час. Невыкананне распараджэнняў FWC можа пацягнуць за сабой штраф да 19 000 аўстралійскіх даляраў (12 900 даляраў) для супрацоўніка або да 94 000 аўстралійскіх даляраў для кампаніі.

Апытанне, апублікаванае летась, паказала, што аўстралійцы ў сярэднім выконваюць 281 гадзіну неаплатнай звышурочнай працы ў год.

Аўстралійскія прафсаюзы віталі прыняцце новага закона «які дасць работнікам магчымасць адмовіцца ад неабгрунтаваных кантактаў у пазарабочы час і дазволіць дасягнуць большага балансу паміж працай і асабістым жыццём».

Такія правілы дзейнічаюць у больш чым 20 краінах, у асноўным у Еўропе і Лацінскай Амерыцы.

Nashaniva.com