Жыгар расказаў, як апынуўся ў ахове Ціханоўскай
«Мне прапанавалі выбар: ці Крымінальны кодэкс, ці рапарт на звальненне».
27.08.2024 / 09:00
У новым выпуску ТОКу прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў «Белпол» Уладзімір Жыгар расказаў, як звольніўся з міліцыі і апынуўся ў ахове Святланы Ціханоўскай.
Жыгар расказвае, што марыў пайсці з міліцыі яскрава: «Калі ўсе са шчытамі стаяць. І тут бы я адзін выйшаў. Магчыма, гэта б спрацавала на тых, хто стаяў побач».
Але ўсё атрымалася інакш. Па яго словах, у адзін з дзён пасля затрымання Віктара Бабарыкі ён напісаў чалавеку з суполкі «Мазыр для жыцця» і прапанаваў сустрэцца.
«Мы з ім сустрэліся вечарам. Мы вітаемся, і я паказваю пасведчанне. Ён пачынае бляднець. Я кажу: «Гэта проста ксіва. Яна нічога не значыць. Я ведаю тое, што можа дапамагчы вам. Давай неяк разам, бо я ў любым выпадку не застануся ў органах».
Пасля гэтай сустрэча мужчыны працягнулі камунікаваць таемна.
Жыгар сцвярджае, што сваіх поглядаў на тое, што адбываецца ў краіне, не хаваў. «Я не саромеўся гаварыць у РАУС, да чаго гэта прывядзе, што хутка ўсім нам давядзецца рабіць выбар. Я для сябе выбар ужо зрабіў».
Уладзімір Жыгар. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube
«Там было шмат чаго. У нейкі дзень знянацку мяне запрасілі ў АУС. Забралі ў мяне тэлефон. Завялі ў кабінет. Там была дастаткова доўгая і «цікавая» размова. «Калі ты здраджваеш прэзідэнту, ты здраджваеш сваёй маці».
Я слухаю і думаю: «Што ты вярзеш? Ты сур'ёзна лічыш, што я на такую танную прапаганду куплюся?» У канцы прапанавалі выбар: ці Крымінальны кодэкс, ці рапарт на звальненне. Я падпісаў і літаральна за два дні звольніўся».
Пасля звальнення Жыгар сустрэўся з прадстаўніком «Краіны для жыцця» і праз некалькі дзён ужо паехаў разам з іншымі валанцёрамі на мітынг у Гомелі, які адбыўся без удзелу Ціханоўскай. На наступны дзень ён быў на мітынгу на плошчы Бангалор у Мінску. Пасля гэтага былі Рэчыца, Гомель, Мінск, Хойнікі, Мазыр і Калінкавічы.
Па словах Жыгара, у камандзе Святланы Ціханоўскай не было асобнай групы людзей, якую можна было назваць аховай. «Гэта былі валанцёры, людзі, якія прыязджалі і рабілі ўсё, што яны маглі».
Былы сілавік расказвае, што ніякай верыфікацый яго асобы не праводзілася. Як ён заўважае, у той час неабходнасці такога не разумелі.
«Тады ўвогуле не было такога. Людзі думалі ўвогуле іншымі катэгорыямі. Калі ўся наша харошая брыгада мазырскіх хлопцаў збіралася ў абумоўленым месцы, я тлумачыў: калі нічога не атрымаецца, нам усім канец, ніхто нічога не прабачыць. (…) Я тлумачыў, як трэба абыходзіць пэўныя пасткі, што як працуе».
Глядзіце выпуск цалкам:
Жыгар назваў трох чалавек, якім найбольш давярае Лукашэнка
Прадстаўнік «Белпола» расказаў, ці ёсць сярод апазіцыі агенты спецслужб
Жыгар расказаў, як ахоўваў Лукашэнку