Як сілавік дапамагаў перадаваць аўтарытэту пельмені ў калонію. А той у адказ навёў парадак

У новым выпуску ТОКу прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў «Белпол» Уладзімір Жыгар згадаў цікавы момант са сваёй службы ў сілавых органах.

28.08.2024 / 09:00

Уладзімір Жыгар. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

Уладзімір Жыгар два гады пасля вучэбнага цэнтра МУС працаваў у ізалятары часовага ўтрымання Мазыра. Па яго словах, з вязнямі ён быў заўсёды ў добрых адносінах: «Стараўся ставіцца да чалавека максімальна па-чалавечы. (…) І людзі, да якіх ты так ставішся, абавязкова адплацяць табе ўзаемнасцю».

Былы сілавік згадаў адно сітуацыю:

«Сядзеў адзін дастаткова аўтарытэтны па мерках Мазыра чалавек. Мы з ім вельмі добра ладзілі. Была перадача ад бацькоў. А ў ёй пельмені. Такога нельга, бо няма ўмоў для захоўвання. Калі ён адразу не з'есць, то яны могуць сапсавацца і чалавек можа атруціцца».

Але Жыгар перадачу з пельменямі ўзяў. «Я заходжу, кажу: «Тут пельмені. Ты іх з'еш проста зараз, каб, калі я буду вяртаць сумку бацькам, я ўпакоўку туды назад паклаў». І ён гэта зрабіў».

Па словах Жыгара, аднойчы яму давялося звярнуцца да гэтага аўтарытэта па дапамогу:

«У ІЧУ завялі аднаго праблемнага чалавека, і ён пачаў трохі шумець. Я падыходжу да гэтага [аўтарытэта] і гавару: «Ты можаш вырашыць пытанне, каб усё было ціха сёння?» Ён сказаў, што без праблем. Хоць яму па іх паняццях было нельга са мною камунікаваць».

Пасля гэтай размовы, як сцвярджае Жыгар, ноч прайшла спакойна.

Глядзіце выпуск цалкам:

Жыгар назваў трох чалавек, якім найбольш давярае Лукашэнка

Жыгар расказаў, як ахоўваў Лукашэнку

Прадстаўнік «Белпола» расказаў, ці ёсць сярод апазіцыі агенты спецслужб

Nashaniva.com