Сярэдні заробак за ліпень «чыстымі» перавысіў 2000 рублёў
Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў ліпені 2024 года склала 2355,1 рубля (у чэрвені была 2270 рублёў), паведамляе Белстат.
26.08.2024 / 11:54
Фота: Звязда
У параўнанні з чэрвенем заробак вырас на 85 рублёў.
2355,1 рубля «бруднымі» гэта 2025,3 рубля «чыстымі». Калі ж браць сярэдні курс даляра за ліпень (3,1758), то сярэдні заробак складзе 741,6 даляра «бруднымі», або 637,6 даляра «чыстымі».
У Мінску сярэдні заробак «бруднымі» складае 3103,5 рубля (977,2 даляра), або 2669 рублёў «чыстымі» (840 даляраў).
Найбольш паказальным лічыцца лічба медыяннага заробку, то-бок калі палова работнікаў атрымліваюць больш за гэту суму, а другая палова — менш.
За май 2024 года медыянны заробак у Беларусі склаў 1688,3 рубля.
1688,3 рубля — 525 даляраў па сярэднім курсе за май, а калі адмінусаваць падаткі, то яго памер будзе яшчэ меншы: 1452 рублі, або 452 даляры «чыстымі».
Медыянны заробак называецца Белстатам два разы на год: за май і лістапад.