Жыхар Гродна падпаліў на сябруку майку. Той нават не прачнуўся, але праз месяц пайшоў у міліцыю
Усё таму, што ўбачыў ролік у тыктоку, як з яго жартуюць сябры.
26.08.2024 / 12:23
Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама
Трое жыхароў Гродна ў пачатку мая адпачывалі ў прыватным доме. Не абышлося без спіртных напояў.
Першым з дыстанцыі сышоў 36-гадовы мужчына: ён выйшаў на вуліцу падыхаць паветрам і заснуў проста на ганку. Сябры, убачыўшы гэтую карціну, вырашылі пажартаваць.
Спачатку яны пырскалі яму аэразолем у нос. А затым адзін з мужчын падпаліў на сябры майку. Але той нават не прачнуўся. А сябры патушылі агонь з вялікай цяжкасцю. Калі гродзенец працверазеў, ён заўважыў на целе апёк і паехаў у бальніцу. Там ён патлумачыў, што атрымаў апёкі ад хатняй печы.
Але ў пачатку чэрвеня мужчына ўбачыў у тыктоку відэа, галоўным героем якога быў ён. Аказалася, сябры фіксавалі свае «пранкі» на камеру. Гродзенцу ўбачанае не спадабалася — і ён пайшоў у міліцыю.
Цяпер яго сябар-падпальшчык атрымаў крыміналку за наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання. Санкцыя артыкула прадугледжвае арышт да аднаго года. Ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.