У Пінску памерла праваабаронца Вераніка Іванова

На здароўі, як кажуць знаёмыя, негатыўна адбілася сітуацыя ў краіне.

25.08.2024 / 16:36

Вераніка Іванова. Фота: media-polesye.com

У адной з бальніц Пінска памерла праваабаронца Вераніка Іванова, паведамілі «Позірку» яе знаёмыя.

Прычына смерці невядомая. Паводле звестак, атрыманых выданнем, у апошні час здароўе ў праваабаронцы пагоршылася, яна хварэла і неаднаразова трапляла ў шпіталь.

«На гэта, безумоўна, паўплываў і стрэс, звязаны з сённяшняй сітуацыяй у краіне», — адзначыў субяседнік выдання.

Вераніка Іванова — праваабаронца, юрыстка, лідарка Пінскай рэгіянальнай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Маці траіх дзяцей.

У 2020 годзе аказвала прававую дапамогу ўдзельнікам акцый пратэсту ў Пінску, кансультавала, пісала скаргі. Неаднаразова затрымлівалася і была асуджана па артыкуле 23.34 КаАП за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

Nashaniva.com