У Францыі затрымалі стваральніка Тэлеграма Паўла Дурава. Яму будуць выстаўленыя цяжкія абвінавачванні

Паводле інфармацыі тэлеканала TF1, заснавальнік і генеральны дырэктар месенджара быў затрыманы ў суботу 24 жніўня ўвечары ў аэрапорце ў прыгарадзе Парыжа.

24.08.2024 / 23:43

Павел Дураў. Скрын відэа: TuckerCarlson / YouTube

Павел Дураў быў затрыманы, калі спускаўся са свайго прыватнага самалёта на ўзлётна-пасадачную паласу аэрапорта Ле Буржэ.

Затрыманне было праведзена жандармерыяй паветранага транспарту.

Прадпрымальнік прыбыў з Азербайджана. Суправаджалі яго целаахоўнік і жанчына.

Выявілася, французскія праваахоўныя органы палявалі на яго, існаваў французскі ордар на яго арышт на падставе папярэдняга расследавання.

Як тлумачаць французскія медыя, прычына затрымання ў тым, што Дураў не супрацоўнічаў з праваахоўнымі органамі Францыі пры расследаванні злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем Telegram, а ў самім месенджары няма мадэрацыі. Гэта робіць мільярдэра саўдзельнікам тэрарызму, гандлю наркотыкамі, злачынстваў, звязаных з педафіліяй, і махлярства.

«Сёння ўвечары ён пракалоўся, — сказала тэлеканалу крыніца, блізкая да органаў следства. — Незразумела, чаму… Ці ён заляцеў у Францыю толькі пралётам? Ва ўсякім разе, мы яго ўзялі!»

Звярнула ўвагу, што Павел Дураў знаходзіўся ў Азербайджане ў той самы час, калі і Уладзімір Пуцін з візітам. Гэта выклікала шматлікія чуткі пра іх сустрэчу.

Крыніца адзначае, што з таго часу, як да Дурава з'явіліся пытанні ў Францыі, ён шмат часу праводзіў у Эміратах, ездзіў у краіны былога СССР, Паўднёвую Амерыку, але рэдка падарожнічаў па Еўропе і зусім не заязджаў у краіны, дзе да Тэлеграма былі пытанні ў праваахоўных органаў.

У Дурава пры гэтым ёсць французскае грамадзянства, ён атрымаў яго ў 2021 годзе. Ордар на яго арышт дзейнічаў толькі на тэрыторыі краіны. Яго затрымалі як французскага грамадзяніна.

Што зараз?

Следчыя ONAF (Нацыянальнае ўпраўленне па барацьбе з махлярствам пры мытным упраўленні) узялі Дурава пад варту. Абвінавачванні ў суўдзеле ў цяжкіх злачынствах могуць быць выстаўленыя яму ўжо сёння. 

Арышт Дурава можа прывесці да страты папулярнасці яго месенджара і развалу яго бізнэсу. Каціроўкі крыптавалюты TON ужо абваліліся.

Нечаканы крок французскіх уладаў можа мець наступствы для медыйнай сітуацыі ў Беларусі, дзе Тэлеграм стаў папулярнай крыніцай інфармацыі.

Nashaniva.com