«Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за разню падчас фестывалю ў Германіі

Напад адбыўся позна ўвечары 23 жніўня ў нямецкім горадзе Золінген (Паўночны Рэйн — Вестфалія). Там праходзіў фестываль. У выніку нажавой атакі тры чалавекі загінулі, восем атрымалі раненні, пяцёра з іх параненыя сур'ёзна.

24.08.2024 / 22:09

Скрыншот відэа Bild

Паводле заявы навінавага канала тэрарыстычнай арганізацыі, ісламіст здзейсніў напад у якасці помсты за «мусульман у Палестыне». «Нападнік на хрысціянскі сход у горадзе Золінген у Германіі ўчора быў салдатам Ісламскай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленні канала.

Паводле апошніх афіцыйных звестак нямецкіх уладаў, піша Bild, злачынец дагэтуль не злоўлены. Аднак стала вядома, што паліцыянты з камандавання спецыяльных аперацый (SEK) штурмавалі жыллё для бежанцаў. Паводле непацверджанай першапачатковай інфармацыі, быў затрыманы сірыец.

Нападнік падчас атакі, імаверна, крычаў «Алаху Акбар» (у перакладзе «Бог вялікі»).

Паведамляецца, што адзін з параненых таксама сказаў, што ён «ведаў нападніка з Золінгена» і што ён быў наведвальнікам мясцовай мячэці.

На наведвальнікаў фестывалю на захадзе Германіі напалі з нажом. Мінімум тры чалавекі загінулі

Nashaniva.com