Ціханоўская: Ніякія захопніцкія памкненні Расіі не змогуць перамагчы ўкраінскі народ
Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў з нагоды Дня Незалежнасці.
24.08.2024 / 11:37
Фота: ОСЦ
«Кожны дзень, ужо больш за два з паловай гады, свет становіцца сведкам вашай непахіснасці, сілы духу і адданасці барацьбе за свабоду і незалежнасць. Бясстрашна баронячы сваю краіну ад агрэсара, вы натхняеце на барацьбу многія народы, у тым ліку і беларусаў. А вашыя поспехі на полі бою і ў дыпламатыі, вашае адзінства, самаарганізацыя — ужо ўвайшлі ў падручнікі гісторыі», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яна звяртае ўвагу на тое, што цягам апошніх тыдняў украінцам удалося выціснуць акупанта на яго тэрыторыю, а падзеі ў Курскай вобласці ўразілі нават самых вялікіх скептыкаў.
«Таксама вам удалося ратыфікаваць Рымскі статут — вялікі крок да аднаўлення справядлівасці, які дазволіць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у злачынствах. Нават у самых цяжкіх умовах вайны, вы дзейнічаеце згодна з правам і міжнароднымі абавязацельствамі. І самае важнае — вы не губляеце чалавечнасці. Нават калі Расія скідвае бомбы на дзіцячыя шпіталі. Нават калі намагаецца пакінуць украінскія гарады без святла і цяпла, а праз прапаганду — пазбавіць веры і надзеі», — кажа Святлана Ціханоўская.
«Ніякія захопніцкія памкненні Расіі не змогуць перамагчы ўкраінскі народ. Вашая адвага натхняе ўсіх нас. І я ганаруся тым, што беларускія добраахвотнікі змагаюцца поплеч з украінцамі, за нашу і вашу свабоду. Бо лёсы нашых краін узаемазвязаныя. Не будзе свабоднай Беларусі без свабоднай Украіны, а без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы», — зазначыла нацыянальная лідарка.
«Мы маем не толькі агульныя старонкі ў гісторыі, але і агульныя каштоўнасці. Нават такія важныя словы ў нашых родных мовах — каханне, бацькаўшчына, змаганне, годнасць, незалежнасць — гучаць падобна.
Як паказвае гісторыя, незалежнасць ніколі не даецца лёгка. Яе трэба адстойваць, і вы робіце гэта з вялікай годнасцю. Вашая перамога стане перамогай над цемрай і страхам. І галоўнае — над тымі, хто спрабуе скрасці вашую незалежнасць. З Днём Незалежнасці і Слава Украіне!» — падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Лукашэнка павіншаваў народ Украіны з Днём Незалежнасці
Зяленскі выступіў з максімальна рэзкім зваротам з нагоды Дня незалежнасці