У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 чалавек — цяпер у ім 4353 прозвішчы
Гэта і тыя, хто цяпер за кратамі, і тыя, хто ўжо вызваліўся.
23.08.2024 / 18:06
23 жніўня МУС традыцыйна абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У спіс дадалося 28 чалавек. Сярод іншых, дадалі асуджаных за «здзек з дзяржсімвалаў» Дар'ю Заяц і Валерыю Драгун, а таксама вядомага спевака Руслана Мусвідаса.
Усяго ў спісе цяпер 4353 чалавекі.
У гэты спіс уключаюць як беларусаў, так і грамадзян іншых дзяржаваў, асуджаных па «злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці» пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Гэта людзі, якіх асудзілі па крымінальных справах. Асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах не ўключаюцца ў гэты спіс. Гэта такія артыкулы Крымінальнага кодэкса, як напрыклад, 293 (удзел у масавых беспарадках), 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 341 (апаганьванне маёмасці) і іншыя «пратэсныя артыкулы».
МУС уключае і тых, хто цяпер у месцах няволі адбывае тэрмін, і тых, ужо выйшаў на волю, і тых, у каго ўжо нават пагашана судзімасць.