У Глуску 15-гадовую школьніцу адправілі на два гады ў спецвучылішча за абразу міліцыянта
Дзяўчыну-падлетка абвінавацілі ў тым, што яна зняла абразлівае відэа і выклала яго ў інтэрнэт.
23.08.2024 / 17:50
Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура
Справу 15-гадовай школьніцы разглядаў Глускі раённы суд. Заяву на дзесяцікласніцу падала раённая камісія па справах непаўналетніх.
Крымінальную справу распачалі пасля таго, як школьніца ў лютым 2024 года нібыта «шляхам вырабу відэароліка абразлівага характару, размешчанага ў глабальнай сетцы інтэрнэт, здзейсніла наўмысную абразу прадстаўніка ўлады ў асобе супрацоўніка органаў унутраных спраў, гэта значыць злачынства, прадугледжанае артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», паведамляюць праваабаронцы Mayday.
На думку камісіі, дзяўчынка мае патрэбу ў «асаблівых умовах выхавання». У заяве гаворыцца, што дзяўчынка прапускала ўрокі без уважлівай прычыны, з-за чаго яе выклікалі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.
Акрамя таго, на школьніцу склалі адміністрацыйны пратакол за абразу дырэктара адной з дзяржустаноў. Следства палічыла, што дзяўчына дзейнічала з асабістай непрыязнасці.
На судзе і школьніца, і яе бацькі адмаўлялі ўсе абвінавачванні. Аднак суд вырашыў, што «метады прафілактычнага ўздзеяння вынікаў не даюць» і «карэкцыя яе паводзін не можа быць праведзена па месцы жыхарства».
15-гадовую школьніцу вырашылі адправіць у спецыяльную ўстанову (па сутнасці, «школьная калонія») тэрмінам на два гады. Скарга ў суд Магілёўскай вобласці вынікаў не дала — рашэнне засталося ў сіле.