Венгерскі палітык з Еўрапарламента падаў у адстаўку пасля п'янай бойкі і сваркі з жанчынай у бары
Балаж Дзьёрфі, дэпутат Еўрапарламента ад партыі прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана «Фідэс», склаў мандат пасля бойкі ў бары.
23.08.2024 / 17:16
Балаж Дзьёрфі. Фота: фэйсбук палітыка
Пра гэта Дзьёрфі напісаў у Facebook 23 жніўня.
Ён паведаміў, што ўвечары ў чацвер, 22 жніўня, «увязаўся ў п'яную спрэчку з жанчынай, якая, на жаль, перарасла ў гвалт».
«Хоць я, на жаль, не памятаю, што адбылося, тое, што я зрабіў, было непрымальным. Калі я зрабіў, мне няма месца ў грамадскім жыцці. Таму я падаю ў адстаўку з усіх сваіх публічных пасад і выходжу з «Фідэс». Гэта самае малое, што я магу зрабіць у гэтай сітуацыі», — дадаў ён.
Палітык таксама пакінуў пасаду прэзідэнта Венгерскай сельскагаспадарчай палаты, якую ўзначальваў з 2013 года.
У «Фідэс» пацвердзілі звальненне Дзьёрфі, падкрэсліўшы, што паводзінам еўрадэпутата «няма апраўдання», а партыя «не трывае гвалту, асабліва ў дачыненні да жанчын!», піша «Еўрапейская праўда».
Хоць публічна бакі не ўдакладнялі падрабязнасцяў інцыдэнту, венгерскія СМІ сцвярджаюць, што Дзьёрфі падчас вечарынкі ў адным з бараў Будапешта, падпіўшы, накрычаў на жанчыну, на што яе таварышы адрэагавалі бойкай.
На месца здарэння давялося выклікаць паліцыю, аднаму з удзельнікаў бойкі спатрэбілася дапамога медыкаў. Дзьёрфі фігуруе ў расследаванні, якое па факце інцыдэнту пачала Цэнтральная галоўная следчая пракуратура Венгрыі.
Балаж Дзьёрфі стаў дэпутатам Еўрапарламента ад «Фідэс» у чэрвені пасля 14 гадоў працы ў парламенце Венгрыі.
Гэта не першы выпадак, калі Еўрадэпутаты ад партыі Орбана трапляюць у падобныя скандалы. У 2020 годзе Ёжэф Саер склаў мандат пасля таго, як яго заспелі на гей-оргіі ў Брусэлі з наркотыкамі, а ад паліцыі ён уцякаў, спусціўшыся па вадасцёкавай трубе.