У ЗША чалавек прыкінуўся мёртвым, каб не плаціць $100 тысяч аліментаў

39-гадовы Джэсі Кіпф з Кентукі падманным шляхам атрымаў доступ да сістэмы рэгістрацыі смерцяў на Гаваях і стварыў там фальшывы файл пра сваю смерць, піша Бі-бі-сі.

23.08.2024 / 15:37

Кіпф запоўніў форму пасведчання аб смерці, прызначыўшы сябе медыцынскім сведкам па гэтай справе. Ён заверыў дакумент лічбавым подпісам доктара з іншага штата, указаўшы яго імя, пасаду і нумар ліцэнзіі — усе гэтыя звесткі Кіпф папярэдне скраў. У выніку ў многіх федэральных базах даных ён стаў лічыцца памерлым.

Пасля гэтага хакер вырашыў яшчэ і падзарабіць наступным чынам. Ён пранік у сістэмы рэгістрацыі смерцяў у іншых штатах, выкарыстоўваючы ўліковыя даныя, скрадзеныя ў іншых дактароў і супрацоўнікаў, а адтуль у дзяржаўныя і карпаратыўныя сеткі, а затым паспрабаваў прадаць доступ у інтэрнэце.

Было выяўлена, што ён прадаваў скрадзеныя базы даных, якія змяшчаюць асабістую інфармацыю, такую як нумары сацыяльнага страхавання, іншым кіберзлачынцам у даркнеце.

Па даных следства, Кіпф прадаваў звесткі міжнародным пакупнікам, у прыватнасці людзям з Алжыра, Расіі і Украіны.

На судзе ён прызнаў сваю віну, адзначыўшы, што здзейсніў злачынства часткова для таго, каб пазбегнуць выплаты аліментаў сваёй былой жонцы, якой вінен больш за 100 тысяч даляраў.

«Гэтая схема была цынічнай і разбуральнай, часткова заснаванай на недаравальнай мэты: пазбегнуць абавязацельстваў па выплаце аліментаў», — заявіў пракурор Усходняй акругі Кентукі Карлтан С. Шыер IV. 

Кіпф быў прысуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі за камп'ютэрнае махлярства і крадзеж асабістых даных.

Згодна з амерыканскім заканадаўствам, ён абавязаны адбыць не менш за 85% свайго тэрміну.

Пасля вызвалення за ім будуць пільна назіраць праваахоўныя органы яшчэ цягам трох гадоў.

Агульны памер шкоды, які злачынец нанёс дзяржаўным і карпаратыўным камп'ютарным сістэмам разам з нявыплачанымі аліментамі, ацэньваецца прыкладна ў 196 000 даляраў.

Nashaniva.com