За рэпосты будуць судзіць работніцу хуткай з Сянна. Летась яна атрымала дыплом на рэспубліканскім конкурсе

Эльвіра Конышава займаецца навукай — вывучае падлеткавыя суіцыды.

23.08.2024 / 12:47

Фота: сацсеткі

Імя Эльвіры Конышавай з'явілася ў раскладзе суда Віцебскага раёна. Судзіць дзяўчыну будуць за рэпост.

Эльвіра скончыла Аршанскі медкаледж і Віцебскі дзяржуніверсітэт. Вышэйшую адукацыю яна атрымлівала па псіхалогіі і сацыяльнай педагогіцы, піша «Віцебск, я гуляю».

У ВНУ медык займалася вывучэннем падлеткавых суіцыдаў у родным Сенненскім раёне. Летась яе навуковая праца на гэтую тэму ўзяла дыплом 1 катэгорыі на рэспубліканскім конкурсе.

Разглядаць справу Эльвіры будзе вядомы сваімі палітычнымі прысудамі суддзя Міхаіл Зубеня.

У канцы ліпеня ў Сенненскай бальніцы правялі рэйд па тэлефонах медыкаў. Паведамлялася, што ў пяці медработнікаў знайшлі экстрэмісцкія матэрыялы.

Nashaniva.com