У Смаргонскім раёне проста ў агародзе выраслі гіганцкія шампіньёны ФОТАФАКТ

У вёсцы Крыўск, што ля Крэва, сярод садовых дрэў вырас сапраўдны цуд прыроды. На ўчастку сям'і Сідаровіч з'явіліся загадкавыя беласнежныя шары, якія спачатку выклікалі ва ўсіх здзіўленне і нават збянтэжанасць, піша мясцовае выданне «Светлы шлях».

23.08.2024 / 11:29

Фота: Светлы шлях

Аказалася, што гэта грыбы. Памерам яны былі ад невялікага яблыка да гіганцкага мяча. Самы буйны экзэмпляр дасягнуў у дыяметры 44 см.

«Калі мы з мужам упершыню ўбачылі гэтыя грыбы, то вырашылі не чапаць іх і дачакацца прыезду дзяцей, — распавядае Антаніна Мікалаеўна, гаспадыня ўчастка. — Дачка з зяцем адразу ж пачалі шукаць інфармацыю ў інтэрнэце і высветлілі, што гэта галавачы гіганцкія, грыбы сямейства шампіньёнавых».

Фота: Светлы шлях

Аказалася, што гэтыя беласнежныя шары не толькі бяспечныя, але і цалкам ядомыя. Перш чым вырашыцца на кулінарныя эксперыменты, сям'я звярнулася па кансультацыю да біёлага і прагледзела рэцэпты ў тыктоку.

«Калі мы даведаліся, што гэтыя грыбы можна есці, вырашылі паспрабаваць прыгатаваць іх, — распавядае Ганна Іосіфаўна, дачка. — Мы абсмажылі іх у смятанным соусе, і вынік перасягнуў усе чаканні. Страва з гіганцкага грыба аказалася надта далікатнай, з лёгкім грыбным водарам і смакам, які нагадвае курыную грудку».

Фота: Светлы шлях

Уся сям'я засталася задаволеная незвычайным пачастункам, а ўнукі, у сваю чаргу, з вялікім задавальненнем фатаграфаваліся з гэтымі загадкавымі белымі шарамі, якія раптам з'явіліся на іх участку.

Nashaniva.com