У Курскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы штурмуюць будынак жаночай калоніі

У ваколіцах калоніі ідуць жорсткія баі.

23.08.2024 / 10:24

Падчас свайго прасоўвання ў Курскай вобласці ўкраінская армія выйшла да жаночай калоніі, за якую цяпер ідуць жорсткія баі, піша Bild.

У вёсцы Малая Локня, за 14 кіламетраў ад украінскай мяжы, расійскія вайскоўцы ператварылі жаночую папраўчую калонію №11 у крэпасць і аказваюць жорсткі супраціў УСУ. Як мяркуецца, у абароне ўстановы ўдзельнічаюць нават ахоўнікі калоніі. 

З 2011 года ў калоніі ўтрымліваюцца 203 асуджаныя злачынцы, прысуджаныя да тэрмінаў ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Пры гэтым некалькі дзясяткаў расійскіх салдат замацаваліся вакол калоніі, узвялі барыкады і выкарыстоўваюць вартавыя вышкі турмы як агнявыя пазіцыі, а масіўныя будынкі — як абарону ад украінскіх нападаў. 

Украінскія вайскоўцы, у сваю чаргу, абстрэльваюць абаронцаў з баявых машын пяхоты Marder нямецкай вытворчасці, а таксама атакуюць беспілотнікамі вартавую вежу ля ўваходу ў жаночую калонію. 

Расійскія вайсковыя блогеры пацвярджаюць, што Малая Локня была амаль цалкам акружаная ўкраінскімі падраздзяленнямі, але ўнутры комплексу салдаты УС РФ працягваюць трымаць абарону. Мінабароны РФ паведамляе, што ўсе атакі ўкраінскіх войскаў на Малую Локню былі адбітыя. 

Пакуль што незразумела, колькі зняволеных усё яшчэ ўтрымліваецца ў жаночай калоніі ў Малой Локні. 

Nashaniva.com