Рыжанкоў сустрэўся з Антэ Ёзічам, які завяршае сваю місію ў Беларусі
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 22 жніўня ў Мінску сустрэўся з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам у сувязі з заканчэннем яго дыпламатычнай місіі ў краіне, паведамляе МЗС.
22.08.2024 / 19:54
«Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам. Адбыўся абмен меркаваннямі аб міжнароднай сітуацыі, у тым ліку ў кантэксце намаганняў па ўрэгуляванні рэгіянальных канфліктаў.
М. Рыжанкоў падзякаваў А. Ёзічу за актыўную плённую працу ў Рэспубліцы Беларусь і пажадаў яму поспехаў у рамках новага прызначэння», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС.
28 чэрвеня Ватыкан паведаміў пра тое, што арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які да гэтага часу быў апостальскім нунцыем у Беларусі, атрымаў новае прызначэнне. Ён будзе нунцыем у Грузіі і Арменіі.
Папа Францішак прызначыў Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Беларусі 21 мая 2020 года.