16-гадовая дзяўчына-сірата арганізавала ў Мінску бізнэс садавіной. Але прыйшла падатковая

Упраўленне аператыўных мерапрыемстваў мінскай падатковай інспекцыі расказала пра вынікі чарговай праверкі. Падаткавікі праверылі палатку з гароднінай і садавіной у Зялёным Лузе. Там усім кіравала 16-гадовая Валерыя. Канал падаткавікоў у традыцыйна зневажальнай манеры расказаў пра гэтую складаную жыццёвую сітуацыю.

22.08.2024 / 16:17

16-гадовая Валерыя падчас праверкі 

«Сёння лёс падарыў нам сустрэчу з шаснаццацігадовай Валерыяй.

Хай нікога не бянтэжыць яе маладосць: падобна, што яна ўжо прайшла ў гэтым жыцці агонь і ваду, а ў цяперашні час рыхтуецца прайсці «медныя трубы».

Ацаніце самі яе задаткі. Дзяўчына, якая раней не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, вельмі стойка пераносіць нашу праверку, бойка адказваючы на няпростыя пытанні.

Вось яе версія:

«Я сірата. Вучуся ў тэхнікуме. Продаж гароднінай і садавіной арганізавала самастойна. Тавары купляю на рынку ў Табарах, адкуль іх прыводжу на таксі. Мне ніхто не дапамагае, я ж сірата», — распавядае канал падаткавікоў пра дзяўчыну.

Канал дадае, што сістэма дзяўчыне нічога прапанаваць не ў стане, акрамя штрафу і канфіскацыі.

«Гладка гаворыць — нічога не скажаш, але нашы правілы нязменныя, і мы заўсёды правяраем кожнае сказанае нам слова. У любым выпадку парушальніцы пагражае штраф і канфіскацыя тавараў, што нелегальна рэалізуюцца», — напісалі падаткавікі. 

Nashaniva.com