Як беларуская стрыптызёрка дапамагла прывезці ў Мінск саліста гурта Led Zeppelin
Яна яшчэ і ашчадзіла арганізатарам дзясяткі тысяч даляраў.
22.08.2024 / 21:11
Роберт Плант. Скрын відэа: Performanceproductionservices / YouTube
Гісторыю прыезду ў Мінск рок-вакаліста, удзельніка гурту Led Zeppelin Роберта Планта расказаў прадзюсар Генадзь Шульман у новым выпуску ютуб-канала «Міністэрства сепультуры».
Канцэрт Роберта Планта ў Мінску быў арганізаваны дзякуючы канцэртнаму менеджару Роду МакСвіну. Гэты чалавек — уладальнік прэміі Грэмі за арганізацыю гастроляў Rolling Stones.
«Гэты чалавек за год арганізаваў 400 канцэртаў групы Rolling Stones. Мы былі ў яго ў Лондане ў гасцях. У яго магутная кантора. Гэта мільянер. Але ён вельмі любіў дзяўчат з Беларусі, нашых славянскіх дзяўчат. А сам такі маленькі, плюгавы», — згадвае Шульман.
МакСвін прыехаў у Мінск разам з групай Scorpions. У горадзе ён пазнаёміўся і закахаўся ў адну стрыптызёрку. Пазней, калі мужчына арганізоўваў канцэрт Роберта Планта ў Санкт-Пецярбургу, то папрасіў Шульмана і яго партнёра па бізнэсе прывезці гэтую жанчыну туды да яго ў госці.
«Мы прывезлі яе да яго, і ён сказаў, калі мы сядзелі ў гатэлі: «У вас будзе Плант і па вельмі добрай цане», — згадвае Шульман. МакСвін стрымаў сваё слова.
Генадзь Шульман. Скрын відэа minsepultury / YouTube
Калі выступ у Маскве Роберта Планта каштавала 160 тысяч даляраў, у Санкт-Пецярбургу — 80 тысяч, то канцэрт у Мінску арганізатарам каштаваў 25 тысяч даляраў. Для параўнання, ганарар гурту Deep Purple за канцэрт у Мінску склаў 107 тысяч даляраў.
Выступленне Планта прайшло ў жніўні 2003 года не на самай папулярнай пляцоўцы — стадыёне «Трактар». Як тлумачыць Шульман, стадыён «Дынама» быў на рамонце, як і Палац спорту. Іншых пляцовак на той час у Мінску не было.
Нягледзячы на невялікі ганарар, арганізатары не змаглі акупіць выдаткі на канцэрт, бо на яго прыйшло разы ў чатыры менш гледачоў, чым яны разлічвалі.
Шульман: Ляжу на падлозе «адстойніка», а праз дарогу ідзе мой аншлагавы праект
Deep Purple выканалі ў Мінску «Купалінку» і «Польку»