У Польшчы рэкамендавалі насіць маскі. Кавід вяртаецца

У Польшчы расце захворванне на каранавірус (SARS-CoV-2). За апошнія суткі зафіксавана 1193 выпадкі заражэнняў, пяць чалавек памерлі. Галоўны санітарны інспектар Павел Гжэзеўскі рэкамендаваў жыхарам Польшчы насіць маскі, піша Most.

22.08.2024 / 15:10

Статыстыка Міністэрства аховы здароўя Польшчы ахоплівае толькі афіцыйна зафіксаваныя выпадкі — станоўчыя тэсты, выкананыя ў бальніцах або па накіраваннях дактароў.

Рэальная колькасць хворых можа быць значна вышэйшая: не ўсе праходзяць тэсты, а шмат хто купляе іх у аптэках і выконваюць самастойна ў хатніх умовах.

«Мы пацвярджаем, што хваля захворванняў расце. Цяжка падлічыць, колькі цяпер хворых, бо мы ўжо не робім тэсты масава, але трэнд, безумоўна, расце», — сказаў Гжэзеўскі агенцтву PAP.

Таксама, паводле яго слоў, павялічваецца колькасць пацыентаў, якія патрабуюць шпіталізацыі.

Пік чакаецца ў кастрычніку

Чакаецца, што пік захворвання прыйдзецца на другую палову кастрычніка, да таго моманту вырасце і доля маладых пацыентаў з ліку школьнікаў і студэнтаў.

Абавязковы масачны рэжым у Польшчы не ўведзены. Тым не менш Гжэзеўскі рэкамендуе насіць маскі, а таксама больш уважліва ставіцца да гігіены рук і дэзінфекцыі паверхняў. Гэта дазволіць знізіць распаўсюджванне не толькі кавіду, але і сезонных вірусаў.

Таксама санітарны інспектар раіць шырэй тэставацца на COVID-19 і выконваць меры самаізаляцыі пры выяўленні віруса.

Nashaniva.com