У Літве прапануюць павысіць мінімальны заробак да 777 еўра «на рукі»

У праекце пастановы Міністэрства сацыяльнай абароны і працы ўраду прапануюць у 2025 годзе павысіць мінімальны заробак да 1038 еўра («бруднымі»), а мінімальную пагадзінную стаўку — да 6,35 еўра, піша Delfi.lt.

22.08.2024 / 07:30

Калі літоўскі ўрад ухваліць гэтую прапанову, мінімалка павялічыцца на 114 еўра або на 12,34 працэнта замест устаноўленых у гэтым годзе 924 еўра («бруднымі»).

Пасля выліку падаткаў «на рукі» чалавек будзе атрымліваць 777 еўра, што больш прыблізна прагназаванага парогу рызыкі беднасці на 2025 год (732 еўра).

Па стане на май 2024 года ў Літве налічвалася каля 100 тысяч работнікаў, якія атрымліваюць мінімальны заробак і меншы, прычым бюджэтнікаў было 13 тысяч.

Мінімальны заробак у Беларусі ў 2024 годзе складае 626 рублёў. Па сённяшнім курсе гэта 177 еўра.

Nashaniva.com