З-за заяваў Лукашэнкі ў МЗС Казахстана выклікалі амбасадара Беларусі
Пасла Беларусі Паўла Уцюпіна запрасілі ў міністэрства замежных спраў Казахстана і растлумачылі эфектыўнасць знешнепалітычнага курсу прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева, паведамляе прэс-служба МЗС Казахстана.
21.08.2024 / 23:15
Амбасадара Беларусі Паўла Уцюпіна запрасілі ў міністэрства замежных спраў Казахстана. Фота: МЗС Казахстана
У ходзе сустрэчы міністра замежных спраў Казахстана Мурата Нуртлеў з паслом Беларусі Паўлам Уцюпіным «былі абмеркаваны актуальныя пытанні казахска-беларускага супрацоўніцтва як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках шматбаковых арганізацый».
У прыватнасці, міністр падкрэсліў, што Казахстан праводзіць збалансаваную і мірную знешнюю палітыку ў адпаведнасці са Статутам ААН і нормамі міжнароднага права, а ўсе рознагалоссі паміж дзяржавамі павінны вырашацца палітыка-дыпламатычнымі сродкамі.
«У цяперашніх геапалітычных умовах выпрацаваны кіраўніком дзяржавы знешнепалітычны курс краіны даказаў сваю эфектыўнасць. У сувязі з гэтым міністр заклікаў беларускі бок да неабходнасці аб'ектыўна ацэньваць пазіцыю Астаны ў дачыненні да працэсаў, якія адбываюцца», — піша прэс-служба МЗС Казахстана.
Раней у інтэрв'ю расійскім прапагандыстам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што некаторыя краіны постсавецкай прасторы «ад Расіі хочуць нешта ўзяць, а ўзамен нічога не даць», згадаўшы Казахстан.
Казахстан дыстанцыяваўся ад Расіі пасля ўварвання яе ва Украіну, што выклікала раздражнёную рэакцыю Масквы і Мінска, у якіх, аднак, рукі пакуль звязаныя Украінай.
Таксама сёння пасольства Беларусі ў Арменіі закідалі яйкамі і памідорамі з-за заяваў Лукашэнкі. «Каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому. Яны нікому не патрэбныя. Хай развіваюць сваю эканоміку і засяродзяцца на тым, што ў іх ёсць. Якая Францыя, які Макрон? Заўтра Макрона не будзе, і ўсе забудуць пра гэтую Арменію», — казаў ён расійскаму прапагандысту Яўгену Папову.