Выйшаў другі том «Гісторыі рознічнага гандлю»

Выдавецтва Vesna паведаміла пра выхад другога тома фундаментальнай манаграфіі «Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі», паведамляе bellit.info.

21.08.2024 / 13:03

Аўтары раздзелаў манаграфіі (Таццяна Валодзіна, Вольга Волкава, Андрэй Кіштымаў, Ларыса Лаўрэенка, Уладзімір Лобач, Валянціна Мятліцкая (Лебедзева), Сяргей Сергачоў, Андрэй Чарнякевіч, Захар Шыбека) даследуюць рознічны гандаль у Беларусі паводле адзінай структурнай мадэлі.

Яна складаецца з пяці асноўных кірункаў. 1) Аналіз гістарыяграфіі і крыніц. 2) Агляд спажывецкага рынку, на якім фармаваўся і развіваўся гандаль. 3) Умовы, якія традыцыйна існавалі або былі створаны намаганнямі ўладаў для ажыццяўлення рознічнага гандлю. 4) Сам рознічны гандаль з асобым акцэнтам на дзейнасць і майстэрства гандляроў. 5) І нарэшце, на сцэну выводзіцца таксама важны актар рознічнага гандлю — спажывец з яго ўзаемаадносінамі з гандлярамі і роляй на спажывецкім рынку.

Другая кніга даследуе перыяд ад 1861 да 1939 года

«Том ахапляе самы шалёны і галавакружны пэрыяд беларускай гісторыі — узлёт і падзенне імперыі, вялікая вайна, адна, другая, трэцяя акупацыі, крывавы падзел краю напалам… Як жылося людзям? Што куплялі, елі, пілі, у што апраналіся, чым забаўляліся — у гэтай вялікай навуковай працы расказваецца пра гэта вось усё», — інтрыгуе паблік выдавецтва.

Кніга даступная пакуль што толькі напрасткі праз кантакт з выдавецтвам (vesnav@seznam.cz).

Nashaniva.com