У Крамлі лічаць, што баі ў Курскай вобласці працягнуцца некалькі месяцаў

Прапаганда спрабуе падрыхтаваць расейцаў да новай рэальнасці. Адразу пасля пачатку аперацыі УСУ ў Курскай вобласці расійскія эліты «былі шакаваныя», піша «Медуза» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта Расіі і кіраўніцтва ўрада. За два тыдні «шок прайшоў, адбылося прывыканне».

21.08.2024 / 10:19

Расійскі танк у Суджы. Ілюстрацыйнае фота: AP Photo

Каб супакоіць людзей, Крэмль з дапамогай прапаганды спрабуе падрыхтаваць расейцаў да жыцця ва ўмовах «новай рэальнасці» і «новай нармальнасці» (гэтыя тэрміны прапагандысты ўжо выкарыстоўвалі падчас пандэміі і ў самым пачатку вайны з Украінай).

Складнікі гэтай «новай рэальнасці», па задумцы Крамля, такія:

У гэты час жыхарам прапануецца «накіраваць негатыў і шок у пазітыўнае рэчышча» — а менавіта паўдзельнічаць у зборы дапамогі для Курскай вобласці. Адміністрацыя Пуціна ўжо «рэкамендавала» заняцца гэтым і ўладам рэгіёнаў.

Яшчэ адно адрозненне «новай нармальнасці» ад папярэдняй — на выбарах губернатара Курскай вобласці (цяпер рэгіёнам кіруе часова выконваючы абавязкі кіраўніка Аляксей Смірноў) увялі датэрміновае галасаванне з 28 жніўня, асноўнае пройдзе ў пачатку верасня. 

У цэлым жа ўсе апытаныя «Медузай» чыноўнікі ўпэўненыя, што баі ў Курскай вобласці могуць працягнуцца некалькі месяцаў. Блізкі да ўрада суразмоўца ўдакладняе: гэтая ацэнка «досыць аптымістычная — калі ўсё атрымаецца».

Раней з падобным прагнозам выступіў і камандзір батальёна «Ахмат» Апці Алаўдзінаў. Ён заявіў, што расійскія войскі вернуць тэрыторыі праз два-тры месяцы-пры гэтым тады ж нібыта можа скончыцца і вайна ў цэлым.

Крыніцы «Медузы» сцвярджаюць, што адразу пасля пачатку аперацыі ў Крамлі абмяркоўвалася магчымасць правядзення новай хвалі мабілізацыі. Пра гэта ж раней казалі і крыніцы Bloomberg. З іх інфармацыі, праз недахоп рэзерваў новую мабілізацыю ў Расіі могуць абвясціць да канца 2024 года.

Зрэшты, блізкі да ўрада суразмоўца запэўнівае, што Кабінет міністраў, а таксама блізкія да дзяржавы бізнэсмены выступаюць рэзка супраць мабілізацыі. «Гэта выб'е з эканомікі апошнія працоўныя рэсурсы. Працаваць ужо няма каму. А тут адных забяруць, іншыя пачнуць ныкацца», — тлумачыць ён.

Nashaniva.com