Як выпісацца з кватэры ў РБ аддалена. Тры кейсы беларусаў, якім гэта ўдалося

Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic знайшоў беларусаў, якім удалося аддалена выпісацца з кватэры ў Беларусі і нават выпісаць дзяцей. Вось іх гісторыі. 

20.08.2024 / 16:12

Па даверанасці

— Мы з 5-гадовай дачкой выпісаліся з кватэры ў Мінску аддалена.

Пры канцы мая аформілі ў натарыуса ў Польшчы мэтавую даверанасць. Затым легалізавалі яе ў сваім раённым судзе і паставілі апастыль у МЗС па папярэднім запісе. У такім выглядзе адправілі ў Беларусь.

Мэтавую даверанасць аформілі ў дадатак да генеральнай даверанасці на сваяка, складзенай у Беларусі перад пераездам. Ён атрымаў нашую мэтавую даверанасць на выпіску з кватэры, перавёў у прысяжнага перакладчыка ў Беларусі і з гэтым дакументам выпісаў мяне і дзіця (нас прапісалі па новым адрасе ў бацькоў). 

Да гэтага па гендаверанасці нават удалося перапрапісаць мужа, з пераўлікам у ваенкамаце, без асабістай прысутнасці. Паколькі гендаверанасць распаўсюджвалася на ўсе віды адміністрацыйных працэдур, а прапіска якраз да іх залічваецца.

Праз суд

— Тут усё проста: кватэра мае належаць бацькам. Вы ў ёй прапісаныя, але гэта не вашая ўласнасць. Бацькі ідуць у суд і даказваюць, што вы ў ёй даўным-даўно не жывяце (накшталт 5+ гадоў). Суд прызначае слуханне і вырашае на карысць бацькоў. 

У нас усё было звышлегальна, ніякіх трукаў. Я загадзя падпісаў паперку, што прэтэнзій не маю. З суда са мной ніхто не звязваўся, хоць мама папярэджвала, каб трымаў вайбер пад рукой.

Такія рэчы робяцца з адвакатам, ён/яна звычайна вядзе вас за руку. Там тыпавая працэдура, якую юрысты лёгка вырашаць, а вам паўгода спатрэбіцца, каб правільна ўсё зрабіць. Напрыклад, мне з суда даслалі дакументы, у якіх першы раз была граматычная памылка, а другі — няправільныя ініцыялы ў суддзі. Адвакатка ўсё знайшла і прымусіла іх перарабіць.

Аформіць выезд на ПМЖ з Беларусі

— Выпісаўся разам з дзіцем з жытла ў Беларусі аддалена. Сталі на консульскі ўлік у Польшчы, і ўсё.

З’ездзіць у РБ дзеля гэтага было немагчыма з прычыны крымінальнай справы паводле народнага 342-га артыкула (паспеў з’ехаць да таго, як за мной прыйшлі).

Самае складанае — аддалена выпісаць дзіця. Спрабавалі па генеральнай даверанасці — нічога не атрымалася. Прадаць кватэру і потым выпісаць па судзе нават не спрабавалі. Не ведаю, хто ў сваім розуме купіць кватэру з прапісаным дзіцем.

Толькі гэтай зімой у эмігранцкім чаце выпадкова даведаліся пра спосаб з пастаноўкай на консульскі ўлік. Там жа параілі звяртацца ў консульства ў Бялу Падляску. 

Спісы дакументаў для дарослых і дзяцей з прыкладамі запаўнення ёсць на сайце консульства. Трэба як мінімум мець часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы.

У сакавіку першы раз патэлефанавалі ў Бялу Падляску, у красавіку падалі дакументы. Потым два месяцы консульства правярае адсутнасць запазычанасці па падатках, дазвол на выезд і іншае. Знойдзеныя заўвагі трэба ліквідаваць, і потым яны зноў правяраюць.

З названай вышэй прычыны былі зусім не ўпэўненыя, што атрымаецца. Але праз два месяцы нам далі станоўчае рашэнне. У другую паездку паставілі пячатку ў пашпарт пра пастаноўку на консульскі ўлік і анулявалі беларускую рэгістрацыю.

Пасля прыняцця пастановы яны самі адпраўляюць у Беларусь дакументы на зняцце з рэгістрацыі, на што ідзе яшчэ месяц-два. На гэтым усё.

Nashaniva.com