У Растоўскай вобласці трэція суткі гарыць атакаваная дронамі нафтабаза. Плошча пажару толькі расце

Агнём ахоплена ўжо 10 тысяч квадратных метраў. Па некаторых даных, гараць 22 цыстэрны з палівам.

20.08.2024 / 14:36

Скрыншот відэа

У Пралетарску Растоўскай вобласці ўжо трэція суткі гарыць нафтабаза, якую 18 жніўня атакавалі беспілотнікі.

Агнём ахоплена ўжо 10 тысяч квадратных метраў. Па даных мясцовых СМІ, у тушэнні пажару задзейнічаны больш за 500 чалавек. Пры гэтым пажарныя не могуць лакалізаваць агонь, плошча пажару расце.

Паводле інфармацыі блізкага да расійскіх сілавікоў канала Baza, агнём ахоплены 22 цыстэрны з палівам. Гарэць яны будуць яшчэ некалькі дзён.

Слупы дыму бачныя ў суседніх раёнах. Неба ў самым Пралетарску афарбавана ў шэры колер.

Нафтабаза ў Пралетарску Растоўскай вобласці была атакаваная беспілотнікамі 18 жніўня. Прычым мясцовыя ўлады заяўлялі пра дзве хвалі нападаў дронаў, якія расійскія СПА нібыта адбілі. Аднак у выніку атакі пачаўся магутны пажар, які не могуць патушыць дагэтуль.

Nashaniva.com