Беларусаў папрасілі не сігналіць, калі пабачыш лася на дарозе
Мінлясгас адрэагаваў на смяротнае ДТЗ з удзелам лася ў Валожынскім раёне і патлумачыў, чаму беларусы сустракаюць дзікіх жывёл на дарогах усё часцей.
20.08.2024 / 14:15
Фота: УУС Мінаблвыканкама
Апошнім часам выпадкі з'яўленняў дзікіх жывёл на дарогах Беларусі пачасціліся. Часцей за іншых на праезнай частцы заўважаюць ласёў. Нярэдка гэта прыводзіць да трагедый — у аварыях гінуць і людзі, і жывёлы.
Паводле слоў спецыялістаў Мінлясгаса, у ласёў ёсць асаблівасць псіха-фізіялагічных паводзін — яны вельмі павольна рэагуюць на пагрозу, у тым ліку на транспарт. Гэтым і тлумачацца сутыкненні.
«Зараз у ласёў набліжаецца перыяд размнажэння (з канца жніўня да пачатку кастрычніка), што прыводзіць да павелічэння рухальнай актыўнасці гэтых жывёл. Жывёлы ў пошуках партнёра могуць перамяшчацца на вялікія адлегласці.
Пры гэтым ласі могуць з'яўляцца зусім у нечаканых для іх месцах: у палях, паблізу населеных пунктаў. Усе гэтыя абставіны павялічваюць верагоднасць сустрэчы з ласём і на аўтамабільнай дарозе», — распавялі ў Міністэрстве.
Кіроўцам варта быць уважлівымі, асабліва ў начны час і ў прыцемках, правільна выбіраць хуткасць руху транспарту, а на небяспечных участках значна яе зніжаць.
Калі кіроўца ўбачыў лася паблізу аўтадарогі рэкамендуецца знізіць хуткасць да мінімальнай.
Не рэкамендуецца падаваць гукавы сігнал, калі заўважылі лася. Гэтым можна справакаваць панічныя паводзіны ў жывёлы, што ў сваю чаргу можа прывесці да рызыкі сутыкнення з аўтамабілем.