Супрацоўніка райвыканкама з Верхнядзвінска будуць судзіць па справе «Кадравага рэзерву для новай Беларусі»

Аляксея Кісялёва затрымалі 13 сакавіка і знялі «пакаяльнае відэа».

20.08.2024 / 11:43

У Віцебскім абласным судзе 28 жніўня распачнецца суд над 34-гадовым інспектарам сектара спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкама Аляксеем Кісялёвым, піша «Вясна».

Па справе ініцыятывы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-5 КК (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці).

Гэта толькі другі суд у Беларусі паводле арт. 361-5 КК — гэты артыкул быў уведзены ў Крымінальны кодэкс толькі ў 2021 годзе. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Юрый Урбан.

Аляксея Кісялёва затрымалі 13 сакавіка — з ім знялі «пакаяльнае відэа». На камеру мужчыну казаў, што з'яўляецца «вучнем Кадравага рэзерву для новай Беларусі», і ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа.

Nashaniva.com