У Мінску створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу. У яе ўвойдуць больш за 20 арганізацый

Мэта стварэння адзінай службы — магчымасць для людзей звярнуцца па экстранную дапамогу на адзіны тэлефонны нумар «112».

20.08.2024 / 09:07

Адзіная дзяжурна-дыспетчарская служба будзе створана ў сталіцы, адпаведнае рашэнне №2965 ад 1 жніўня прыняў Мінгарвыканкам, дакумент афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У склад службы ўвойдзе 21 арганізацыя, піша «Спутнік».

Сярод іх: Мінскае гарадское ўпраўленне МНС, Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, сталічны гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, профільныя прадпрыемствы «Мінгаз», «Мінскэнерга» і «Мінсккамунцепласетка».

Таксама ў службу ўвойдуць такія транспартныя структуры, як «Мінсктранс», Нацыянальны аэрапорт Мінск, Мінскае аддзяленне БЧ, сталічны метрапалітэн.

Акрамя таго, у складзе будуць Мінскае гарадское ўпраўленне Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС, філіял «Мінская гарадская тэлефонная сетка» «Белтэлекама», «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама», «Мінскзеленбуд», «Мінскводаканал», «Мінгарсвятло», гарадская аварыйная служба, Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама, ААТ «Ліфтсэрвіс» і транспартная інспекцыя Мінтранса.

Як адзначаецца ў дакуменце, мэта стварэння адзінай службы — забеспячэнне грамадзян магчымасцю звярнуцца па экстранную дапамогу на адзіны тэлефонны нумар «112».

Таксама яе стварэнне дазволіць «аператыўна рэагаваць на пагрозу або ўзнікненне надзвычайнай сітуацыі».

Усе паведамленні, якія паступаюць на дадзены нумар, будуць аналізавацца і ў залежнасці ад іх характару дыспетчар будзе накіроўваць у падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях або пераадрасоўваць у адпаведную арганізацыю Мінска, якая таксама ўваходзіць у адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу.

Адзіны нумар

Нагадаем, у Беларусі ўжо не першы год працуе адзіны нумар «112», па якім можна патэлефанаваць, калі ўзнікла надзвычайная сітуацыя або іншыя здарэнні, або калі пагражае небяспека.

Па гэтым нумары можна патэлефанаваць, нават калі ў тэлефоне няма SIM-карты або адсутнічае сетка любога мабільнага аператара, а таксама пры адмоўным балансе.

На званок адказвае дыспетчар МНС найбліжэйшага цэнтра аператыўнага кіравання, які пераадрасоўвае выклік у неабходныя службы экстранага і аварыйнага рэагавання.

Nashaniva.com