Арына Сабаленка ўпершыню са студзеня выйграла турнір
Беларуска вяртае сабе званне другой ракеткі свету.
19.08.2024 / 23:23
Фота: Asanka Brendon Ratnayake / AP
Арына Сабаленка ўпершыню са студзеня выйграла тэнісны турнір. Сёння вечарам яна ў фінале прэстыжнага турніру-тысячніка (за выйгрыш турніру налічваецца 1000 балаў) у Цынцынаці перамагла амерыканку Джэсіку Пегулу — 6:3, 7:5.
Пасля гульні яна агаварылася, сказаўшы: «Дзякуй маім хлопцам».
«Вядома, асобнае дзякуй маім хлопцам. Я сказала хлопцам, ой. Гэта мая жудасная англійская, хлопцы! Дзякуй майму хлопцу, што робіць мяне шчаслівай кожны дзень. Дзякуй табе велізарнае, — сказала беларуская тэнісістка, ужо звяртаючыся да бразільскага бізнэсоўца Георгіяса Франгулісам, з якім яна сустракаецца пасля смерці Канстанціна Кальцова.
Гэта першы выйграны турнір у Сабаленкі са студзеня, калі яна другі раз запар выйграла Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе. Потым быў спад.
Таксама Арына вяртае сабе другі радок у сусветным рэйтынгу, пацясніўшы амерыканку Како Гаўф. Званне першай ракеткі захоўвае Іга Свёнтак, якую беларуска абыграла ў паўфінале сённяшняга турніру.
Праз некалькі дзён стартуе асноўная сетка Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе (US Open).
Год таму Арына дайшла да фіналу, дзе прайграла акурат Како Гаўф, аднак па выніках турніру стала першай ракеткай свету, пратрымаўшыся наверсе рэйтынгу два месяцы.