Ля берагоў Італіі перакулілася і затанула раскошная яхта

Адзін чалавек загінуў, шасцёра прапалі без вестак, піша BBC.

19.08.2024 / 18:37

Па паведамленнях італьянскай берагавой аховы, парусная яхта Bayesian трапіла ў нечакана моцны шторм і затанула недалёка ад сталіцы Сіцыліі Палерма рана раніцай у панядзелак. Адзін чалавек загінуў і шэсць чалавек прапалі без вестак.

Яхта Bayesian даўжынёй 56 метраў была зарэгістраваная ў Вялікабрытаніі.

На борце судна знаходзіліся 22 чалавекі.

Па дадзеных берагавой аховы, зніклыя былі грамадзянамі Вялікабрытаніі, Амерыкі і Канады. Сярод 15 выратаваных было аднагадовае дзіця.

У апошнія дні пасля некалькіх тыдняў моцнай спякоты на Італію абрынуліся штармы і праліўныя дажджы, паводкі і апоўзні нанеслі сур'ёзны ўрон паўночнай частцы краіны.

«Вецер быў вельмі моцным. Непагадзь чакалася, але не такога маштабу», — паведаміў прадстаўнік берагавой аховы ў Палерма.

Nashaniva.com