Блок Ягорава святкуе перамогу: большасць дэлегатаў КР не падтрымлівае лідарства Ціханоўскай. Сапраўды так?
Калі лічыць 15% большасцю — то ўсё правільна.
19.08.2024 / 17:42
Андрэй Ягораў
Па апазіцыйных колах працягвае разносіцца рэха канферэнцыі «Новая Беларусь», падчас якой было абвешчана, што Святлана Ціханоўская будзе мець паўнамоцтвы нацыянальнага лідара да моманту правядзення сумленных і свабодных выбараў.
Што высветлілася ў папярэдніх серыях? Спачатку Андрэй Ягораў, Вадзім Пракоп’еў і Аляксандр Кныровіч выступілі супраць гэтага бестэрміновага статуса Ціханоўскай. Пасля стала вядома, што Ягораў сам удзельнічаў у распрацоўцы дакумента, які зацвярджаў статус Ціханоўскай, але не звярнуў увагу на фармулёўку. Далей блок Ягорава-Пракоп’ева заклікаў дэлегатаў Каардынацыйнай рады выказаць сваё меркаванне на ўнутраным галасаванні — хоць ніякай юрыдычнай сілы такое апытанне не мае.
І вось 19 жніўня блок Ягорава-Пракоп’ева нарэшце абвесціў: «Большасць дэлегатаў КР, якія прагаласавалі, не падтрымліваюць бестэрміновасць паўнамоцтваў Ціханоўскай». На апублікаваным скрыншоце відаць, што на кнопку «не падтрымліваю» націснула 44% удзельнікаў галасавання — і гэта насамрэч самы папулярны адказ.
Але колькі чалавек прагаласавала? На распаўсюджаных скрыншотах лічба акуратна абрэзаная.
Як аказалася, у галасаванні прынялі ўдзел 23 дэлегаты, а таксама 4 чалавекі з сакратарыяту (работнікам сакратарыяту трэба бачыць агульныя вынікі, але права голасу яны не маюць). А агулам у КР 80 дэлегатаў.
Такім чынам, удзел у апытанцы ўзялі толькі 29% дэлегатаў КР, 71% дэлегатаў вырашыў не галасаваць.
У выніку супраць паўнамоцтваў Ціханоўскай выказаліся 12 чалавек — гэта роўна 15% ад агульнай колькасці сяброў КР. Адметна, што «супраць» прагаласавалі нават не ўсе прадстаўнікі блока Пракоп'ева-Ягорава.