Германія перакідвае да граніцы з Беларуссю больш за 650 адзінак вайсковай тэхнікі

Ва Узброеных сілах Літвы паведамілі, што нямецкая брыгада 19 жніўня пачала перакідваць больш за 650 адзінак тэхнікі да літоўскага горада Пабрадзе, што недалёка ад мяжы з Беларуссю. 

19.08.2024 / 16:12

У Літву на вучэнні прыбываюць вайскоўцы нямецкай брыгады. Фота: kariuomene.lt

Мясцовых просяць не палохацца, калі ўбачаць велізарную калону вайсковай тэхнікі пад Вільняй. Гэта падрыхтоўка да маштабных вучэнняў

Паводле Мінабароны Літвы, з 19 да 22 жніўня вайсковая тэхніка 21-й брыгады нямецкай брыгады падвышанай пільнасці будзе рухацца па дарогах Літвы ад польскай мяжы да палігона ў Пабрадзе.

У рамках вучэнняў Grand Eagle-2/24 нямецкая брыгада перакіне ў Літву па сушы і моры больш за 650 адзінак вайсковай тэхнікі, удакладняе прэс-служба літоўскага войска. 

Мэта вучэнняў сярод іншага — вызначыць, наколькі хутка Бундэсвер зможа пераразмеркаваць свае сілы і далучыцца да літоўскага войска для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Літвы.

Nashaniva.com