Сёння — Яблычны Спас у праваслаўных. Фактычна канец лета
«Прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас», кажа народная мудрасць.
19.08.2024 / 09:34
Праваслаўныя святкуюць 19 жніўня Перамяненне Гасподняе — або Яблычны Спас.
Незадоўга да Галгофы Ісус Хрыстос узняўся з трыма апосталамі — Пётрам, Якубам і Янам — на гару Табор у Галілеі, дзе «перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, быццам сонца, а вопратка сталася белай як снег». Апосталы пабачылі, як прарокі Ілля і Майсей гавораць са Збаўцам. «І вось светлая хмара пакрыла іх, і з хмары быў чутны голас, які казаў: «Гэта Сын Мой любы, якога Я ўспадабаў: Яго слухайце!», — стаіць у Евангеллі.
***
Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйшоў Ілля — апала два, прыйшоў Спас — пайшло лета ад нас, кажа народная мудрасць.
Што праўда, сёння будзе вельмі цёпла, у Мінску да +30°С, але з дажджамі і навальніцамі, па Гомельшчыне чакаецца да +35°С.
Калі буслы не адлятаюць да Спаса, то зіма будзе мяккая і цёплая. Які другі Спас, такі і студзень.