Форма тэрміновага апраўдання і справаздачы перад Крамлём. У чым сэнс ваяўнічага інтэрв'ю Лукашэнкі
Галоўны меседж, які Лукашэнка імкнуўся данесці да Крамля і расійскай эліты, дзеля чаго і было арганізавана інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Расія», наступны: «Гэта агульная — Беларусі і Расіі — вайна супраць гэтых звяроў… Стаім спінай да спіны… Мы не дазволім рускім у спіну страляць», піша Валер Карбалевіч для «Радыё Свабода».
18.08.2024 / 19:58
Даўно ўжо Лукашэнка не даваў інтэрвію замежным мэдыям. Відаць, няма асабліва ахвотных зь ім размаўляць. Ён стаў малацікавы: усё, што мог, ужо нагаварыў за 30 гадоў. Цяпер толькі паўтарае сам сябе ў розных варыяцыях. Але зараз — асаблівы выпадак.
Мяркуючы па ўсім, тых дзеяньняў, якія актыўна дэманстравалі беларускія ўлады 10-12 жніўня, каб паказаць Расеі саюзьніцкую вернасьць, Маскве падалося недастаткова. Патрэбна было тэрмінова рабіць нешта яшчэ, бо ў Крамлі засталіся незадаволеныя. Магчыма, расцанілі актыўнасьць афіцыйнага Менску як паказную, фармальную, разьлічаную на вонкавы эфэкт.
І беларускія ўлады прыдумалі. 15 жніўня ў Менск тэрмінова запрасілі вядомага прапагандыста і вядоўцу грамадзка-палітычнага ток-шоу «60 хвілін», дэпутата Дзяржаўнай думы РФ Яўгенія Папова, каб узяць інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі для тэлепраграмы «Вялікія нядзельныя весткі» на тэлеканале «Россия». Інтэрв’ю прадаўжалася каля дзвюх гадзін. Толькі ў нядзелю зьявілася яго поўная вэрсія.
Што сказаў Лукашэнка?
Галоўны мэсэдж, які хацеў данесьці беларускі ўладар да Крамля і расейскай эліты, дзеля чаго, відавочна, і было арганізаванае гэтае інтэрвію, наступны: «Гэта агульная — Беларусі і Расеі — вайна супраць гэтых зьвяроў… Стаім спіной да спіны… Мы не дазволім рускім у сьпіну страляць».
На працягу апошніх тыдняў расейскія блогеры ня раз папракалі Лукашэнку: маўляў, адвёў свае войскі ад украінскай мяжы, у выніку чаго камандаваньне Ўкраіны тыя вайсковыя падразьдзяленьні, якія вызваліліся, накіравала ў Курскую вобласьць.
Лукашэнка запэўнівае, што цяпер беларускія войскі высунуты да мяжы («траціну войска мы ўвялі»), украінцы вымушаныя рэагаваць, такім чынам Беларусь дапамагае расейцам ў Курскай вобласьці. Ён кажа: «Яны ж (украінцы — Аўт.) перакінулі падраздзяленьні да нашай мяжы дадаткова, калі ўбачылі, што мы фармуем адпаведныя падразьдзяленьні на мяжы».
Лукашэнка казаў усё так, каб спадабацца расейскай аўдыторыі: «Імпэрыю гэтую яшчэ ніхто не перамагаў і не пераможа — Расею».
Зноў вярнулася ваяўнічая рыторыка на адрас Захаду. Заходніх палітыкаў Лукашэнка назваў «зьвярамі», «шалёнымі», «вар’ятамі», «нацыстамі». Гучалі традыцыйныя пагрозы, у тым ліку, чарговым разам абяцаў прымяніць ядзерную зброю ў нейкай крытычнай сытуацыі.
Лукашэнка ўсяляк падкрэсьліваў сваю асаблівую ролю ў расейскай палітыцы. «Мы з прэзыдэнам Пуціным…» — рэфрэнам гучала праз ўсё інтэрвію.
На хаду арганізаванае інтэрвію стала своеасаблівай формай апраўданьня і справаздачы перад Крамлём.
Але гэтым справа не абмежавалася. 16 жніўня, праз 10 дзён пасьля пачатку ўкраінскімі вайскоўцамі курскай апэрацыі, Лукашэнка нарэшце правёў нараду ў пытаньнях ваеннай бясьпекі. Падчас якой міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасьць збройных правакацый з боку Ўкраіны». Такая вось запозьненая дэманстрацыя салідарнасьці з Расеяй.
Украіна не назірае пераменаў на мяжы з Беларуссю, нягледзячы на ваяўнічыя заявы Лукашэнкі
Лукашэнка: Ва Украіне былі б радыя, каб Расія ўжыла ядзерную зброю
Лукашэнка апраўдваўся на расійскім ТБ за адвод войскаў ад украінскай мяжы