Амерыканца, які пачаставаўся беларускімі далікатэсамі і стаў зоркай тыктоку, не хацелі выпускаць з Беларусі

Памятаеце амерыканца, якога беларуская жонка накарміла крывянкай і ліверкай, а карыстальнікі тыктоку шкадавалі? Вакацыі сям’і ў Беларусі скончыліся, але памежнікі ў мінскім аэрапорце не хацелі выпускаць мужчыну на радзіму.

17.08.2024 / 11:24

Скрыншот відэа ў тыктоку

Пра прыгоды грамадзяніна ЗША ў Мінску актыўна расказвала ў тыктоку яго жонка-блогерка, якую завуць Аксана. Сама жанчына нарадзілася ў Беларусі, але больш за 6 гадоў жыве ў Тэхасе. Паехала ў ЗША на стажыроўку, сустрэла там сваё каханне, пабралася шлюбам і засталася жыць за акіянам.

У сваім блогу яна часта паказвае, як знаёміць каханага з роднай культурай. Як распавяла Аксана, у аэрапорце яна лёгка прайшла пашпартны кантроль, а яе мужа затрымалі.

— Мы не зарэгістравалі мужа як замежніка ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі. Згодна з беларускімі законамі, усе замежнікі, якія знаходзяцца ў краіне больш за 10 дзён, павінны быць зарэгістраваны. Але мы думалі, што калі муж атрымаў візу, дык рэгістрацыя яму не патрэбна.

Уся гісторыя зацягнулася на некалькі гадзін. Памежнікі патрабавалі ад мужчыны назваць адрас, па якім ён жыў у Мінску, а грамадзянін ЗША яго не памятаў.

— Яму прыйшлося разам з памежнікамі шукаць адрас па апісанні і гугл-мапах.

Пасля таго, як адрас нарэшце высветлілі, мужу Аксаны прыйшлося заплаціць у аэрапорце штраф. Сума смешная — каля 6 даляраў. І вось пасля гэтага мужчыну адпусцілі і сям’я ўсё ж паспела на свой самалёт і вылецела ў ЗША.

@oxanaamerikanka Нам - урок не будущее, а вам - информация к сведению. #беларусь #рб #минск #аэропорт #самолет #самолеты #перелет #путешествия #путешествияпомиру ♬ original sound - Oxana_amerikanka

Відэа набрала 73 тысячы праглядаў.

 

Амерыканца накармілі беларускімі «далікатэсамі». Яго пашкадавалі нават беларусы

«Паехалі ў Беларусь на вечарынку і цяпер льяце кракадзілавыя слёзы». Што думаюць у Латвіі пра затрыманне на «Віва Браслаў»

На «Віва Браслаў» затрымалі чатырох грамадзян Латвіі 

Nashaniva.com