Самалёт з Беларусі праляцеў над Літвой і Польшчай. Як так атрымалася?

Борт праляцеў у паветранай прасторы Літвы паміж Алітусам і Друскенікамі, а затым павярнуў на поўдзень ужо над тэрыторыяй Польшчы.

16.08.2024 / 12:19

Фота: Flightradar24.com

Самалёт рухаўся над тэрыторыяй Літвы з хуткасцю 800 кіламетраў за гадзіну-прыкладна адпавядае крэйсерскай хуткасці самалётаў грамадзянскай авіяцыі.

У літоўскай кампаніі па кіраванні паветраным рухам і сувязі Oro navigacija патлумачылі Delfi, што самалёт нічога не парушыў.

«Краіна рэгістрацыі самалёта — Турцыя (TCMAY), рэйс выконваўся з Мінска (Беларусь) у Стамбул (Турцыя), самалёт ляцеў без пасажыраў. Санкцыі не прымяняюцца да такіх палётаў, таму гэты самалёт мог перасекчы паветраную прастору Літвы», — адзначылі ў кампаніі.

З 25 мая 2021 года ўрад Літвы забараніў прылёт і вылет самалётаў з літоўскіх аэрапортаў, калі іх палёт ажыццяўляецца праз паветраную прастору Беларусі.

Зараз самалётам беларускіх авіяперавозчыкаў забаронена прызямляцца, узлятаць і пралятаць над тэрыторыяй Еўрасаюза. Такой была рэакцыя на прымусовую пасадку ў Мінску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапегай на борце.

Nashaniva.com