Побач з Мінскам адкрыўся новы рынак. Ці ехаць туды замест Камароўкі і Табараў?

Пад Мінскам адкрылася новая аптова-рознічная база гародніны і садавіны. Працуе новы рынак усяго пару дзён. Журналісты blizko.by з'ездзілі туды і паглядзелі, ці выгадна там закупляцца і які асартымент.

15.08.2024 / 10:41

Рынак размяшчаецца на тэрыторыі гандлёвага комплексу Expobel — лакацыя побач з дарогай Заслаўе-Калодзішчы. Заехаць туды можна на машыне з тэрыторыі комплексу Expobel — кірунак ад кругавога руху каля крытага рынку і направа.

Таксама праезд адкрыты і з адваротнага боку, дзе ідзе дарога Заслаўе-Калодзішчы.

Калі вы на грамадскім транспарце, то можна даехаць да канчатковага прыпынку ў раёне Зялёнага Луга-6. Затым перайсці да Expobel. Да самай агародніннай базы трэба будзе прайсці яшчэ хвілін 10.

Тут не так шмат прадаўцоў, аднак уся хадавая гародніна і садавіна ёсць. Прадаўцы робяць зніжкі, калі купляць адразу некалькі кілаграмаў.

Да прыкладу, бульба ў сярэднім каштуе 1,8-2 рублі за кілаграм, але адзін з прадаўцоў распавёў:

— Тут і оптам можна будзе купляць, мы рыхтуемся ўжо. Думаю, што цэны прыкладна такія ж, як у Табарах будуць. Калі купляць бульбу оптам, то яна будзе каштаваць 1-1,1 рубля за кілаграм.

Агуркі каштуюць 3-3,5 рубля за кілаграм. Кошт памідораў вельмі розны. Да прыкладу, чырвоная беларуская сліўка будзе каштаваць ад 3 рублёў за кілаграм, жоўтая — 4. Ружовы тамат — 6,5 рубля за кілаграм, чэры хатнія — 3,5. У сярэднім памідоры каштуюць 3-5 рублёў.

Што тычыцца перцаў, то самы танны за 3,8 рубля. У сярэднім яны каштуюць 4,5-7,5 рубля за кілаграм.

Часнык можна набыць за 11-13 рублёў за кілаграм, цыбулю рэпчатую — 1,8, цыбулю чырвоную — 5, капусту — 1,6-2. Баклажаны аддаюць за 3 рублі за кілаграм, кабачкі — за 2-2,5.

Што яшчэ прадаюць на рынку? Так, нектарыны каштуюць 6,5-12,8 рубля за кілаграм, персікі — 7,50-12,8. Дыні можна набыць за 2,9-3,5 за кілаграм, кавуны ў сярэднім каштуюць 2,5. Яблыкі — 2,5-4 рублі за кілаграм, вінаград — 9,5-13.

Ягад пакуль не так шмат, буякі — 13 рублёў за кілаграм. Слівы можна купіць за 6,5 за кілаграм, чарнасліў — 6,80. Грэцкія арэхі каштуюць 11,5 рубля за кілаграм.

Адзін з пакупнікоў расказаў, што даведаўся пра новае месца з інтэрнэту:

— У нас на сайце сельсавета з'явілася аб'ява, мы і прыехалі. Ну, зручна менавіта сюды заехаць. Цэны — нармальныя. Вось, купляем агуркі, памідоры, цыбулю… Асабіста я ўжо на Камароўку не езджу. Чаму? Там машыну нармальна не паставіць, паркоўка ўсюды платная, ды і потым яшчэ да яе трэба цягнуць пакупкі.

Высновы

Новы рынак толькі пачынае працу. Пакуль тут не так шмат прадаўцоў і пакупнікоў. Затое ў чэргах стаяць не трэба, купляй — не хачу. Уся хадавая гародніна і садавіна ёсць. Цэны не моцна адрозніваюцца ад Камароўкі або Табараў. Аднак тут ахвотна робяць зніжку, калі вы бераце некалькі кілаграмаў. Некаторыя прапануюць ад 10 кілаграмаў ужо амаль аптовыя цэны.

Што тычыцца заезду, то ёсць вялікая бясплатная паркоўка. У афіцыйным Instagram ГЗЦ Expobel паказваецца час працы з аўторка па нядзелю 8:00-17:00. Але прадаўцы кажуць, што а 18:00 яшчэ ёсць пакупнікі.

Агулам, гэты рынак будзе вельмі зручным для тых, хто жыве побач альбо едзе ў бок Бараўлянаў. Аднак пакуль на Камароўцы і ў Табарах асартымент прадукцыі значна шырэйшы. Але калі тут з часам будзе больш прадаўцоў і пашырыцца асартымент, то аптова-рознічная база гародніны і садавіны ў Expobel стане значным канкурэнтам, асабліва рынку «Новы Лебядзіны», бо ён знаходзіцца далей і дабірацца туды не вельмі зручна.

Nashaniva.com